Мінск 13:19

Чарговы расійскі БПЛА заляцеў на тэрыторыю Беларусі — УСУ (дапоўнена)

Дададзеныя абзацы 5–9

Крыніца: zname.com.ua

27 кастрычніка, Позірк. Аб чарговым выпадку ўварвання расійскага беспілотнага лятальнага апарата ў прастору Беларусі заявіла 27 кастрычніка камандаванне Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.

Паведамляецца, што мінулай ноччу (з 21.00 26 кастрычніка) Расія атакавала Украіну “80-ю ўдарнымі БПЛА тыпу “Shahed” і беспілотнікамі неўстаноўленага тыпу”.

“Па стане на 9:30 пацверджана збіццё 41 варожага БПЛА ў Адэскай, Мікалаеўскай, Херсонскай, Кіеўскай, Сумскай, Кіраваградскай, Чаркаскай, Жытомірскай, Хмяльніцкай і Чарнігаўскай абласцях. Большасць варожых БПЛА збіта ў Адэскай і Кіеўскай абласцях”, — гаворыцца ў паведамленні.

32 расійскія беспілотнікі “лакальна страчаныя”, “адзін паляцеў у кірунку Беларусі”, адзначылі ў Паветраных сілах УСУ.

Паводле даных маніторынгавай групы “Беларускі Гаюн”, у ноч на 27 кастрычніка ў беларускую паветраную прастору ўвайшлі не менш за два расійскія БПЛА.

Адзін з іх, як заяўляецца, “прайшоў па калідоры Славуціч — Чарнобыль у 00:34-00:44”.

“Яшчэ адзін зайшоў у 00:36 у раёне Лоева [Гомельскай вобласці] і трымаў паўночна-заходні курс. Вядома, што дрон паляцеў углыб краіны і знік”, — адзначае маніторынгавая група.

Паведамляецца яшчэ пра “мінімум два “шахеды”, якія “трымалі курс у кірунку Беларусі, рухаючыся ў раёне Оўруча і Прыпяці а 00:39”. “Аднак ці зайшлі яны далей у Беларусь — невядома”, — удакладняе “Беларускі Гаюн”.

Авіяцыя Беларусі, паводле звестак экспертаў, мінулай ноччу ў паветра не падымалася.

Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі аб залётах на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26 кастрычніка.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў недасведчанасцю тых, хто іх выкарыстоўвае, і адзначыў, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы беспілотнікі губляюць арыенцір.

“Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны”, — сказаў ён падчас паездкі ў Пінскі раён (Брэсцкая вобласць).

Паводле яго слоў, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць “на ўзроўні адмыслоўцаў, не выносячы ў публічнае поле”. Такія дамоўленасці нібы былі дасягнутыя з абодвума бакамі.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады было выказана меркаванне, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі.

Разам з тым 4 кастрычніка супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі падаючага беспілотніка.

З ліпеня гэтага года рэсурсы, якія спецыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, рэшткі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушана прызнаць факт парушэння мяжы лятучымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належылі.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзекненскім краі (не з’яўляецца прыгранічным, месціцца прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон. 9 верасня кіраўніцтва латвійскіх Нацыянальных узброеных сіл заявіла, што расійскі дрон, які пацярпеў крушэнне ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю, быў “начыненым выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed”.

Падзяліцца: