Мінск 03:46

Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета СД адбудзецца 5 снежня

Лукашэнка і Пуцін на палях саміта ШАС у Астане (3 ліпеня 2024 года)
Фота: тэлеграм-канал "Пул першага"

28 кастрычніка, Позірк. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы адбудзецца 5 снежня. Пра гэта было заяўлена на сустрэчы беларускага палітыка з першым намеснікам прэм’ер-міністра РФ Дзянісам Мантуравым 28 кастрычніка ў Мінску.

Гаспадар сустрэчы паведаміў расійскаму госцю, што ў дзвюх краін дастаткова сумесных праектаў, “нават больш <…> аб’ёмаў грошай, якія Расія выдзеліла ў якасці крэдытаў”. “Магчыма, мы дамовімся пра тое, што Расія будзе зацікаўленая ў новых нашых праектах і будзе павялічанае гэтае фінансаванне. Але гэта ўжо будзе ў выніку вашых перагавораў [з урадам Беларусі]”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, апошнім часам з кіраўніцтвам РФ “часта ідзе гаворка пра тое, што Захад не здолеў паставіць краіны на калені і неяк прыціснуць”. У гэтым Лукашэнка бачыць “вялікую заслугу” расійскіх сектараў эканомікі, у прыватнасці прамысловасці.

“Мы паставілі перад сабой амбітную задачу, зноў разам з расіянамі, пераадолець залежнасць ад імпарту і сур’ёзна заняліся імпартазамяшчэннем, — сказаў Лукашэнка. — Я думаю, што гэта вялікі кавалак вашай працы ў Беларусі з нашым урадам, каб вызначыцца, як будзем дзейнічаць далей”.

Спікер падзякаваў суразмоўцу і кіраўніцтву РФ агулам за тое, што расійскі бок прафінансаваў “многія сумесныя імпартазамяшчальныя праекты”.

“Маюцца і такія знакавыя, глабальныя праекты, як фінансаванне і вытворчасць самалёта “Асвей”, — заявіў Лукашэнка. — Для нас гэта наогул, можна сказаць, новая гісторыя. <…> Можа быць, з гэтага самалёта і пачнецца эра авіябудавання ў Беларусі”.

“Мы некалі адкрывалі новую эру ў вытворчасці аўтамабіляў у Беларусі. Таксама вельмі важнае пытаньне. Вы ў Расіі больш, чым хто-небудзь, разумееце ў гэтай справе. Хацелася б, каб тыя непаразуменні (ці ж нейкія недагаворкі нават можна сказаць) у нас у сувязі з імпартазамяшчэннем па легкавых аўтамабілях мы маглі пераадолець і на нашым сумесным ранку мы выраблялі б беларускія і расійскія аўтамабілі перш за ўсё”, — дадаў ён.

Беларусь і Расія, паводле яго слоў, мусяць “абараняць свой рынак”. “Нашыя калегі [з трэціх краін] гэта разумеюць цудоўна, — лічыць Лукашэнка. — Шляхі супрацы з такімі дзяржавамі вызначаныя, яны маюцца. Каб не атрымалася так, як з заходнікамі — сышлі, усё кінулі — “Працаваць не будзем”. Праўда, сышлі — дзякуй, хай сыходзяць. Кампетэнцыі, людзі засталіся. Сыравіны і рэсурсаў у нас хапае. Будзем вырабляць і замяшчаць іх тавары сваімі”.

Паводле слоў спікера, ад візіту Мантурава ў Беларусь “многае залежыць”, яны з Пуціным чакаюць вынікаў гэтага візіту: “Каб, калі будуць нейкія пытанні да прэзідэнтаў, мы маглі ў бліжэйшы час іх вырашыць”.

“Таму трэба расставіць усе кропкі над i. Пажадана, на ВДС. Каб і будучы, і наступныя гады былі зразумелымі ў супрацы для Беларусі і Расіі”, – заявіў Лукашэнка, згадаўшы дату пасяджэння — 5 снежня.

Раней МЗС Расіі заяўляла, што да пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета СД плануецца завяршыць працу над дагаворам Беларусі і РФ аб гарантыях бяспекі, у якім пацвярджаецца гатоўнасць выкарыстаць у тым ліку ядзерную зброю ў адказ на “знешнюю агрэсію”.

Падзяліцца: