Мінск 02:36

У Расіі згарэў чарговы аўтобус МАЗ

Скрыншот: МНС РФ

6 лістапада, Позірк. Аб загаранні ў Ленінградскай вобласці (РФ) аўтобуса МАЗ паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Расіі.

Надзвычайнае здарэнне адбылося раніцай 30 кастрычніка пад Кінгісепам. На апублікаваным відэа аўтобус цалкам ахоплены агнём.

Аб прычынах узгарання не паведамляецца.

Адметна, што аўтобус згарэў у расійскім рэгіёне, куды беларускія ўлады разлічваюць актыўна пастаўляць пасажырскую тэхніку.

Беларусь гатовая “цалкам задаволіць” патрэбы Санкт-Пецярбурга ў сучасным пасажырскім транспарце, заявіў 25 кастрычніка на пасяджэнні 14-га Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Чыноўнік сцвярджае, што кантракты з Санкт-Пецярбургам для такіх прадпрыемстваў “заўсёды ў прыярытэце”, у прыватнасці, Беларусь хоча пастаўляць у горад “новыя мадэлі беларускіх аўтобусаў, тралейбусаў, электробусаў, трамваяў”. З гэтай мэтай беларускі бок гатовы “прапаноўваць вельмі выгадныя фінансавыя варыянты ўзаемадзеяння пры заключэнні такіх кантрактаў”, сказаў Галоўчанка.

Аўтобусы МАЗ рэгулярна загараюцца ў Расіі.

22 кастрычніка паведамлялася аб узгаранні ў Самары аўтобуса МАЗ (2018 год выпуску), які знаходзіўся на канцавым прыпынку каля гандлёвага цэнтра, пасажыраў у ім не было. Прычынай, паводле папярэдняй інфармацыі, стала няспраўнасць электраправодкі.

3 студзеня ў Санкт-Пецярбургу загарэўся аўтобус маркі “МАЗ”, які належыць кампаніі “Дамтрансаўта”.

Паводле даных расійскіх СМІ, у гэтым горадзе ў 2023 годзе загарэлася не менш за дзевяць аўтобусаў Мінскага аўтазавода. Годам раней было зафіксавана восемь падобных выпадкаў.

“У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да загарання аўтобусаў, прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург на падставе кантрактаў 2022 года”, — паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства “Пасажыраўтатранс”.

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 года МАЗ паведаміў, што прычынай загаранняў можа быць “трапленне алівы з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка”.

“Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя паводле тэхнічных характарыстык, але тых, што не маюць правераных рэферэнцый”, — патлумачыў чыноўнік.

Выпадкі з загараннем аўтобусаў Мінскага аўтазавода фіксаваліся таксама ў Беларусі.

Праблему з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына загаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы ААТ “Мінскі аўтамабільны завод” Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага загарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з’яўляецца парушэнне ўмоў і правілаў эксплуатацыі.

Паводле яго слоў, тэхніка “стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не адмяняў”.

Падзяліцца: