Мінск 12:55

Лідар праўладнай КПБ Сыранкоў першым падаў у ЦВК дакументы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты

Фото: ЦВК

10 снежня, Позірк. Старшыня праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў першым з пяці прэтэндэнтаў падаў дакументы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, паведамляе Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК).

У Цэнтрвыбаркаме адзначылі, што іншыя прэтэндэнты могуць зрабіць гэта не пазней за 21 снежня “як самастойна, так і па даверанасці праз сваіх прадстаўнікоў”.

Паведамляецца, што ў пералік дакументаў уваходзяць пісьмовая заява патэнцыйнага кандыдата, звесткі пра яго біяграфію, адукацыю і месца працы, дэкларацыі пра даходы і маёмасць яго, а таксама жонкі (мужа), паўналетніх блізкіх сваякоў, якія пражываюць разам і вядуць агульную гаспадарку.

Акрамя таго, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, “асоба, вылучаная кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і стварыўшая выбарчы фонд, прадстаўляе ў Цэнтральную камісію фінансавую справаздачу пра расходаванне сродкаў гэтага фонду ў тэрмін, устаноўлены ч. 14 арт. 481 гэтага кодэкса” (не пазней чым на пяты дзень пасля заканчэння тэрміну вылучэння. — “Позірк”.).

Рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата будзе прымацца пры наяўнасці ўзгаданых дакументаў, а таксама пратаколаў абласных і Мінскай гарадской выбарчых камісій, якія пацвярджаюць наяўнасць сабраных за вылучэнне не менш за 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў.

Сыранкоў 10 снежня паведаміў дзржСМІ, што яго ініцыятыўная група сабрала больш за 170 тыс. подпісаў.

Акрамя яго, пра збор неабходнай колькасці подпісаў заявілі Аляксандр Лукашэнка і старшыня праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Аляксандр Гайдукевіч. Тэрмін збору скончыўся 6 снежня.

Кіраўнік праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк і былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах Ганна Канапацкая канчатковую колькасць пададзеных на разгляд выбарчых камісій подпісаў у сваю падтрымку не абвясцілі.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.

Падзяліцца: