Мінск 10:37

Эфектыўная прамкааперацыя — галоўны складнік тэхналагічнага суверэнітэту ў СНД, лічыць Галоўчанка

12 снежня, Позірк. Краінам Садружнасці Незалежных Дзяржаў неабходна “максімальна актыўна задзейнічаць навуку для аператыўнага ўкаранення ў вытворчасць вынаходак і распрацовак”, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД 12 снежня ў Маскве.

На яго думку, неабходна забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт на прасторы СНД. “Адзін з галоўных яго складнікаў — эфектыўная прамысловая кааперацыя, — сказаў Галоўчанка (паводле відэафрагмента, апублікаванага прэс-службай урада). — Летась вельмі своечасова мы зацвердзілі канцэпцыю развіцця прамысловай кааперацыі і комплекс мер па яе развіцці да 2030 года. Неабходна рабіць акцэнты на такіх галінах, як мікраэлектроніка, станкабудаванне, авіябудаванне”.

Падпісанае пагадненне аб развіцці грамадзянскага суднабудавання, на яго думку, павінна зрабіць унёсак і ў развіццё супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай і тэхналагічнай сферах.

Галоўчанка вылучыў тэму харчовай бяспекі, якую лічыць актуальнай для краін — членаў СНД, і вітаў працу над новай рэдакцыяй праекта пагаднення аб міждзяржаўных узаемаадносінах па пытаннях аграпрамысловага комплексу.

“Транспарт і лагістыка — таксама найважнейшая сфера, таму мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне лічбавай трансфармацыі транспартнага комплексу, які мы сёння падпішам, будзе спрыяць інтэграцыі і бяспецы транспартных сістэм рэгіёну”, — лічыць беларускі чыноўнік.

Як заявіў Галоўчанка, пасяджэнне прэм’ер-міністраў краін СНД праходзіць “на фоне дынамічна змяняецца геапалітычнай сітуацыі, фармавання новага шматпалярнага свету”. “У гэтых умовах, умовах турбулентнасці”, на яго думку, значна ўзрастае роля рэгіянальных эканамічных аб’яднанняў, якія”набываюць усё большую вагу, самастойнасць, забяспечваюць ўстойлівы эканамічны рост дзяржаў-удзельніц”. “Садружнасць Незалежных Дзяржаў адказвае ўсім гэтым крытэрам”, — мяркуе прамоўца.

Чарговае пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД запланавана правесці 30 траўня 2025 года ў сталіцы Таджыкістана Душанбэ.

Падзяліцца: