Мінск 15:44

Адпушчаны раней затрыманы ў аэрапорце Ерэвана актывіст Клімус

Фота на старонцы Клімуса ў "Фэйсбуку"

15 чэрвеня, Позірк. Адпушчаны раней затрыманы ў аэрапорце Ерэвана беларускі актывіст Віктар Клімус.

“Жывы. Здаровы. На волі. Дзякуй усім, хто хваляваўся і падтрымліваў”, — напісаў мужчына на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, суправадзіўшы паведамленне геаметкай сталіцы Арменіі.

Пра тое, што Клімус затрыманы ў ерэванскім аэрапорце пасля прыбыцця з Польшчы некалькімі гадзінамі раней паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”. Армянскія памежнікі заявілі, што імя актывіста ўнесенае ў міжнародную базу вышуку. Вызваленнем Клімуса займаліся беларускія і армянскія праваабаронцы, а таксама дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

Кіраўнік ванадзорскага офіса Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі (ХДА) Артур Сакунц пацвердзіў “Позірку”, што армянскія праваабаронцы ўцягнутыя ў вырашэнне гэтай праблемы. Ён паведаміў, што інфармацыю пра затрыманне беларуса ХДА атрымала ад прадстаўнікоў Офіса Ціханоўскай.

Клімус вядомы як кіраўнік брэсцкага культурнага цэнтра “Грунтоўня”. Напрыканцы 2020 года ў яго кватэры прайшоў вобшук. Пазней актывіст паведамляў, што знаходзіцца ў вышуку ў рамках “карагоднай справы” (пратэстоўцы вадзілі карагод у цэнтры Брэста). На пачатку 2021 года Клімус пакінуў Беларусь.

У Беларусі і Арменіі агульная база міждзяржаўная база вышуку ў рамках СНД, таму апаненты беларускіх уладаў, якія ўязджаюць на армянскую тэрыторыю (напрыклад, з Грузіі, каб зрабіць “візаран” — абнуліць тэрмін бесперапыннага знаходжання, які не можа перавышаць аднаго года), знаходзяцца ў зоне рызыкі. У той самы час праеўрапейскія ўлады Арменіі не выдаюць актывістаў на запыты Мінска.

Апошні вядомы выпадак: затрыманне 3 траўня актывіста на наземнай мяжы Арменіі і Грузіі. Ён быў вызвалены праз 12 гадзін і 1 чэрвеня пасля афармлення неабходных дакументаў на выезд пакінуў краіну.

Падзяліцца: