Мінск 04:22

Лукашэнка анансаваў візіт у Кітай “найбліжэйшым часам”

Фота: pixabay.com

23 снежня, Позірк. Пра свой візіце ў Кітай, які адбудзецца “найбліжэйшым часам”, паведаміў Аляксандр Лукашэнка 23 снежня на нарадзе па пытаннях развіцця машынабудавання.

Лукашэнка, як адзначае яго прэс-служба, падкрэсліў неабходнасць працаваць як на “традыцыйных рынках”, так і ў краінах “далёкай дугі”. “Я пра гэта кажу ўжо які раз, што будучы год будзе няпростым. У сілу пэўных прычын. І нашыя традыцыйныя рынкі, дзе мы працавалі паспяхова, трэба пашыраць. Гэтыя візіты ў Аман, Эміраты, у Кітай <…> і гэтак далей — гэта гаворка ідзе пра дыверсіфікацыю нашых рынкаў”.

Паводле яго слоў, улады “не ўсе паказваюць сёння, таму што гэтыя мярзотнікі там бегаюць [за мяжой]”. “Асабліва нашыя, — удакладніў Лукашэнка. — І ўсё выпрошваюць санкцыі ў амерыканцаў, у Захаду. Каб яны супраць нас гэтыя санкцыі ўводзілі ўсё новыя. Таму мы не ўсе, канешне, паказваем і расказваем”.

На нарадзе ён адзначыў, што “ўсе стараюцца, усе разумеюць, што выбары — гэта іспыт не толькі дзейнага прэзідэнта, але і ўсёй вертыкалі ўлады”. Аднак, паводле яго слоў, “маюцца прадпрыемствы, якія не сёння, дык заўтра могуць атрымаць праблемы”.

“Пры гэтым, кажучы пра нашы аўтамабілі і гэтак далей, мы дамовіліся з Расіяй сінхранізаваць нашыя стасункі. Я б вас папрасіў, каб мы дакладна датрымліваліся нашых дамоўленасцей з Расійскай Федэрацыяй. Трэба разумець, што ў Расіі гэтак жа часы няпростыя, — заявіў Лукашэнка. — Утылізацыйны збор — мы таксама дамовіліся. Як гэта рэалізуецца на сённяшні дзень і ці маюцца нейкія праблемы ў нас з Расійскай Федэрацыяй? Гэта вельмі актуальна ў сувязі з тым, што літаральна праз пару дзён мы сустрэнемся з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным. І калі трэба будзе абмеркаваць на нашым узроўні нейкія пытанні, мы іх абмяркуем”.

Кажучы пра вытворчасць легкавых аўтамабіляў, Лукашэнка паведаміў, што “планы вялікія”, але “трэба і бачыць рынкі для збыту гэтай прадукцыі”.

Папярэдні раз Лукашэнка наведваў Кітай 3–4 снежня 2023 года.

Раней паведамлялася, што прэзідэнт РФ Пуцін запрасіў Лукашэнку на традыцыйны нефармальны саміт СНД, які сёлета пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 25–26 снежня.

Даведка “Позірку”:

Беларуска-кітайскі вытворца “БелДжы” (BelGee) у лістападзе 2024 года прадаў на расійскім рынку 3.167 новых легкавых аўтамабіляў — на 27,2% менш, чым у кастрычніку (4.352), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных кансалтынгавай кампаніі “АСМ-холдынг” (РФ).

За апошні восеньскі месяц на рынку РФ было рэалізавана 460 новых грузавікоў Мінскага аўтамабільнага завода — на 23,8% менш, чым у тым жа месяцы 2023 года (604). За 11 месяцаў 5.140 (за адпаведны леташні перыяд — 5.845; -12,1%).

31 новы аўтобус МАЗ быў прададзены ў лістападзе — на 40,4% менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (52). Ад пачатку года — 391 (799 адз.; -50,8%).

Падзяліцца: