Мінск 18:37

Узмацніць войска Беларусі “найноўшымі тэхналогіямі і ўзбраеннямі” прапануе кандыдат Хіжняк

Архіўнае фота: РПТС

8 студзеня, Позірк. Забеспячэнне “абароны дзяржавы і яе грамадзян ад унутраных і вонкавых пагроз”, захаванне “тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці” Беларусі назваў “найважнейшым прыярытэтам” старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (РПТС) Аляксандр Хіжняк, выступаючы 8 студзеня па радыё ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

“Прапануем падвысіць патэнцыял Узброеных сіл на аснове найноўшых тэхналогій і ўзбраенняў, уключаючы беспілотныя сістэмы і сучасныя сістэмы сувязі”, — сказаў ён.

На думку кандыдата, у краіне трэба “ствараць новыя сучасныя прадпрыемствы на аснове беларускіх навуковых распрацовак”, падтрымліваць актыўнасць малога і сярэдняга бізнесу па “развіцці канкурэнтназдольных нацыянальных і рэгіянальных брэндаў”, “развіваць сартаванне і перапрацоўку адкідаў”.

У Беларусі, канстатаваў ён, існуе “разрыў у развіцці” ўзроўню жыцця і інфраструктуры гарадскіх і сельскіх тэрыторый. “Больш за 80% насельніцтва імкнецца жыць у гарадах”, — сцвярджае лідар РППС.

Хіжняк прапанаваў павялічыць у краіне колькасць прамысловых паркаў і тэхнапаркаў з камбінаванымі сістэмамі кіравання, а таксама “распрацаваць праграму развіцця не менш як 2,5 тысячы апорных сельскіх населеных пунктаў”.

Неабходным ён лічыць укараненне сістэмы “сучасных паказчыкаў рэзультатыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара”.

Кажучы пра дэмаграфічную праблему, старшыня РППС адзначыў, што “да 2030 года кожны пяты жыхар краіны будзе ва ўзросце больш за 65 гадоў”.

Паводле даных Белстата, колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2024 года складала 9.155.978 чалавек. На пачатак 2023 года ў краіне, паводле афіцыйных даных, пражывала 9.200.617 чалавек. За 2023 год колькасць жыхароў зменшылася на 44.639 чалавек (-0,49%). На 1 студзеня 2022-га ў Беларусі пражывала 9.255.524 чалавек, 2021-га — 9.349.645, 2020-га — 9.410.259.

Са статыстыкі вынікае, што ад пачатку 2020 года да пачатку 2024-га колькасць жыхароў скарацілася на 254.281. Дакументы дзяржорганаў даюць падставы меркаваць, што за апошні год колькасць насельніцтва скарацілася яшчэ больш.

Цэнтральная выбарчая камісія 23 снежня 2024 года зарэгістравала пяць кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах, якія адбудуцца 26 студзеня.

Акрамя Хіжняка гэта два лідары праўладных структур — Сяргей Сыранкоў (Кампартыя Беларусі) і Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі), а таксама Аляксандр Лукашэнка і былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца 2 выбарчай кампаніі Ганна Канапацкая.

Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем улад. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: