Мінск 17:58

Паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, колькасць украінцаў, якія заехалі ў Беларусь, вырасла за тыдзень амаль у 6 разоў

Фота: ДПК

10 студзеня, Позірк. З 3 да 10 студзеня 2025 года ў Беларусь прыбыло 6.396 грамадзян Украіны, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За папярэдні тыдзень, на які прыйшлося свята Новага года, украінцаў уехала 1.097 — у 5,8 раза менш. 20–27 снежня ў Беларусь прыбыло 2.879 такіх грамадзян.

Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу грамадзяне Украіны ў Беларусь 3–10 студзеня не прыбывалі. Праз Польшчу ўехала 5.196 украінцаў (тыднем раней — 1.447), праз Літву — 1.108 (423), Латвію — 92 (28).

Раней ДПК паведамляў, што за 2024 год у Беларусь уехаў 134.561 грамадзянін Украіны. У прыватнасці, як сцвярджалася, з тэрыторыі Украіны гэта зрабіла 68 чалавек, транзітам праз Польшчу — 107.154, Літву — 25.362, Латвію — 1.977. Паводле прыблізных разлікаў “Позірку”, у 2023 годзе ў Беларусь уехала больш за 71 тыс. грамадзян Украіны, такім чынам, за год іх колькасць вырасла прыкладна ў 1,9 разы.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” ў лютым мінулага года амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак аб колькасці ўкраінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў ці людзей, якія заехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Паводле звестак ААН на 16 снежня 2024 года, па ўсім свеце налічваецца 6.813.900 украінскіх бежанцаў. З іх 6.253.700 зарэгістравана ў Еўропе, 560.200 — за яе межамі.

Мінск у вайне супраць Кіева падтрымлівае Маскву.

Падзяліцца: