Мінск 20:10

Новы прэм’ер Турчын выступае за “эвалюцыю без рэвалюцый” у эканоміцы

Архіўнае фота: "Мінская праўда"

10 сакавіка, Позірк. “Ніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курса, вядома, не будзе. Самае галоўнае — забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё нашай краіны”, — заявіў журналістам 10 сакавіка Аляксандр Турчын, прызначаны ў гэты дзень прэм’ер-міністрам Беларусі.

На пытанне, ці маецца неабходнасць мяняць падыходы для больш паспяховага развіцця эканомікі ў краіне, Турчын адказаў: “Мой самы ўлюбёны выраз — “эвалюцыя без рэвалюцый”.

“На любой пасадзе, вядома, неабходна эвалюцыянаваць: і на пасадзе старшыні ўрада, старшыні Мінскага аблвыканкама… Кожны кіраўнік са сваім прыходам прыносіць нешта новае, новы погляд на тыя ці іншыя праблемы”, — цытуюць чыноўніка дзяржаўныя СМІ.

Пры гэтым, на думку Турчына, “нельга дапускаць, каб эканамічны рост быў на шкоду нейкім іншым макраэканамічным паказчыкам”. “Можна паставіць любую мэту і яе дасягнуць. Пытанне толькі ў наступствах дасягненняў і якім шляхам. Галоўная задача ўрада — гэта забяспечыць эканамічны рост, збалансаваны з іншымі макраэканамічнымі паказчыкамі”, — заявіў ён.

Да прызначэння на пасаду кіраўніка ўрада 49-гадовы Турчын больш за 5 гадоў кіраваў Мінскім аблвыканкамам, раней быў першым віцэ-прэм’ерам. Акрамя таго, займаў пасаду ўпаўнаважанага Лукашэнкам па Гомельскай вобласці, кіраваў апаратам урада, узначальваў Савет па развіцці прадпрымальніцтва, што функцыянаваў пры Лукашэнку (з 2021 года — кансультатыўны орган пры ўрадзе).

Падзяліцца: