Мінск 01:13

Ціханоўская пра прапагандысцкі фільм “Чужое неба”: Чарговае сведчанне абыякавасці рэжыму да чалавечага жыцця

Крыніца: news.by

19 сакавіка, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале назвала “абуральным” выкарыстанне і падман людзей “ва ўразлівым становішчы” для стварэння прапагандысцкіх матэрыялаў.

Паводле яе слоў, ператварэнне такіх людзей у інструмент прапаганды — “чарговае сведчанне таго, што рэжым абыякавы да чалавечага жыцця”.

“Людзі, якія апынуліся ў цяжкіх умовах менавіта праз рэжым, заслугоўваюць падтрымкі і разумення, а не выкарыстання для “карцінкі” пра тое, як “дрэнна” ўцекачам. Цяжка ўявіць, што адчулі героі фільма [“Чужое неба”], калі ўбачылі, што іх словы, якія запісваліся нібыта для атрымання падтрымкі, аказаліся на экране дзяржаўнага тэлебачання”, — напісала палітык.

“Некаторыя героі кажуць, што здымкі вяліся нібыта ад імя Офіса Святланы Ціханоўскай, — дадала яна. — Але мы ніколі не будзем рызыкаваць людзьмі. Усе ініцыятывы, якія ідуць ад нашага офіса або пры нашым садзейнічанні, абавязкова прытрымліваюцца ўсіх прынцыпаў бяспекі: мая каманда не згадвае імёны без згоды і не дзеліцца ні з кім вашымі персанальнымі данымі”.

Ціханоўская заклікала палітэмігрантаў “быць пільнымі”: “Калі вы ўдзельнічаеце ў апытаннях, інтэрв’ю або праектах дапамогі — удакладняйце, з кім маеце справу. Правярайце, ад каго ідзе ініцыятыва, звяртайцеся да рэдакцый, каб праверыць журналіста, з якім маеце зносіны. Не саромейцеся казаць “не”, калі нешта выклікае сумнеў. Беражыце сябе, расказвайце іншым аб неабходных мерах бяспекі і не дазваляйце нікому выкарыстоўваць вашу даверлівасць”.

Таксама палітык заклікала верыфікаваць кантакты незнаёмых людзей, якія звяртаюцца “з запытам нібыта ад Офіса Святланы Ціханоўскай”, з дапамогай “афіцыйных каналаў сувязі” дэмакратычных сіл.

Пра выхад згаданага прапагандысцкага фільма стала вядома 19 сакавіка. Яго героямі сталі некалькі палітэмігрантаў, а таксама Юлія Брыкіна са Шклова (Магілёўская вобласць), якая вярнулася ў Беларусь з ЕС.

Паводле звестак “Нашай Нівы”, выказванні палітэмігрантаў пра цяжкасці жыцця за мяжой былі запісаныя прапагандыстамі падманным шляхам.

Паводле слоў адной з гераінь, знаёмая папрасіла яе паўдзельнічаць у здымках роліка для Офіса Ціханоўскай. “Гэта павінна было быць інтэрв’ю для ўнутранага карыстання, каб паказаць патэнцыйным дабрачынцам патрэбы людзей, якія цяпер знаходзяцца ў складанай фінансавай сітуацыі. Здымкі праходзілі ў кастрычніку 2024 года”, — сказала яна.

“Інтэрв’ю было неабходна, каб мне аказалі фінансавую падтрымку”, — удакладніла жанчына.

19 сакавіка кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак паведаміў пра смерць Станіслава Брыкіна — мужа гераіні фільма — у Літве.

Паводле яго слоў, гэта адбылося 4 сакавіка ў цэнтры для ўцекачоў у Пабрадзе. Паводле версіі следства, прычынай смерці стаў суіцыд.

Стрыжак адзначае, што ў 2020 годзе Брыкін актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэстах, быў у стачцы на РУП “Белтэлекам”, пазней праз пагрозу палітычнага пераследу пакінуў Беларусь разам з сям’ёй.

“Ці ведаў Станіслаў, што яго жонка знялася ў прапагандысцкім кіно? Невядома. Ці магла б навіна пра гэта стаць кропкай у яго рашэнні? Магла б”, — падкрэсліў праваабаронца.

Падзяліцца: