Мінск 01:49

ЗША не гатовыя стратэгічна падтрымліваць Украіну

20 сакавіка, Позірк. Расія “стратэгічна не адмовіцца ад сваіх планаў узяць пад поўны кантроль тыя тэрыторыі, якія яна ўпісала ў Канстытуцыю”. Такое меркаванне выказаў на сваім ютуб-канале намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, каментуючы вынікі тэлефоннай размовы Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа, якая адбылася 18 сакавіка.

“Усё астатняе — гэта забалтванне, зацягванне, выкарыстанне ў тым ліку пазіцыі ЗША, якія не гатовыя на сёння стратэгічна падтрымліваць Украіну, у сваіх інтарэсах для таго, каб <…> атрымаць перадышку”, — дадаў палітык.

“Прэзідэнт Украіны [Уладзімір Зяленскі] зрабіў заяву аб тым, што Расія акумулявала дастаткова вялікі рэзерв — больш за 100 тыс. ваеннаслужачых — і плануе нанесці ўдар вясной па тэрыторыі Украіны. Мы чуем з вамі пра вучэнні “Захад-2025″ [на тэрыторыі Беларусі]”, — сказаў кіраўнік НАУ.

Пры прыбыцці расейскіх войскаў у Беларусь на згаданыя вучэнні Украіна і краіны ЕЗ будуць вымушаныя перамяшчаць свае войскі да беларускіх межаў, што прыслабіць Кіеў, адзначыў экс-дыпламат.

“І вось тут Лукашэнка — абсалютны саюзнік і памочнік у тым, каб забяспечыць інтарэсы РФ”, — сказаў на заканчэнне Латушка.

Паводле паведамлення прэс-службы Крамля, падчас тэлефоннай размовы абмяркоўвалася ўзаемная адмова Расіі і Украіны на 30 дзён ад удараў па энергетычнай інфраструктуры.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

У тым жа годзе ў Канстытуцыю РФ з парушэннем нормаў міжнароднага права ў якасці расійскіх тэрыторый упісаны ўсходнія рэгіёны Украіны: так званыя Луганская і Данецкая “народныя рэспублікі”, Херсонская і Запароская вобласці.

На дадзены момант РФ не ўдалося іх цалкам акупаваць.

Падзяліцца: