Мінск 02:49

За тыдзень у Беларусь прыбыло больш за 6,6 тыс. грамадзян Украіны — даныя Дзяржпагранкамітэта

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

21 сакавіка, Позірк. За тыдзень (з 6:00 14 сакавіка да 6:00 21 сакавіка) у Беларусь прыбыло 6.602 грамадзяніны Украіны (тыднем раней — 5.960), сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Транзітам праз Польшчу накіравалася 5.336 (4.824), Літву — 1.232 (1.048), Латвію — 32 (88), непасрэдна праз мяжу з Украінай — 2 (не было).

Усяго з 24 лютага 2022 года (пачатак поўнамаштабнага ўварвання РФ) у Беларусь прыбыло 347.976 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.997, транзітам праз Польшчу — 258.054, Літву — 66.664, Латвію — 7.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, за 2024 год у Беларусь уехаў 134.561 грамадзянін Украіны. У прыватнасці, як сцвярджалася, з тэрыторыі Украіны гэта зрабіла 68 чалавек, транзітам праз Польшчу — 107.154, Літву — 25.362, Латвію — 1.977. Паводле прыблізных разлікаў “Позірку”, у 2023 годзе ў Беларусь уехала больш за 71 тыс. грамадзян Украіны, такім чынам, за год іх колькасць вырасла прыкладна ў 1,9 раза.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” летась у лютым на той момант амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначаў, што ў адкрытых крыніцах звестак пра колькасць украінцаў, што выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыў ён.

Паводле даных ААН на 19 лютага 2025 года, па ўсім свеце налічвалася 6.906.500 украінскіх уцекачоў. З іх 6.346.300 было зарэгістравана ў Еўропе, 560.200 — па-за яе межамі.

Падзяліцца: