Мінск 01:48

Лукашэнка ў красавіку чакае ў Мінску прэм’ер-міністра Пакістана

23 сакавіка, Позірк. Беларусь разглядае Пакістан як “аднаго з галоўных партнёраў у Азіі” і застаецца ” нязменна зацікаўленай у паглыбленні двухбаковых адносін”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 23 сакавіка прэзідэнта гэтай дзяржавы Асіфа Алі Зардары з нацыянальным святам.

Паводле слоў віншавальніка, якія перадае яго прэс-служба, сучасны Пакістан “карыстаецца заслужаным аўтарытэтам” і з’яўляецца “ўплывовым удзельнікам міжнароднай супольнасці, адыгрывае важную ролю ў сусветных палітычных і эканамічных працэсах”.

У віншаванні кіраўніку ўрада Шахбазу Шарыфу падкрэсліваецца, што Дзень Пакістана, які адзначаецца, сімвалізуе “зараджэнне на скрыжаванні галоўных гандлёвых шляхоў Вялікай Азіі незалежнай дзяржавы”.

“Беларусь дзякуючы вашай асабістай падтрымцы мае надзейны падмурак для наладжвання і падтрымання доўгатэрміновых адносін з Пакістанам па шырокім спектры напрамкаў”, — адзначыў Лукашэнка, дадаўшы, што разлічвае на “працяг сяброўскага дыялогу” і чакае Шарыфа з візітам у Мінску ў красавіку 2025 года.

Дарожная карта “развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва” Беларусі і Пакістана на 2025–2027 гады была падпісаная 26 лістапада 2024 года ў Ісламабадзе па выніках перамоў Лукашэнкі і Шарыфа.

На перамовах беларускі госць заявіў аб магчымасці ўстанаўлення паміж краінамі бязвізавага рэжыму.

Паводле інфармацыі беларускага боку, усяго было падпісана 15 пагадненняў.

Лукашэнка наведваў Пакістан 25–27 лістапада. Перамовы з Шарыфам прайшлі ў вузкім і пашыраным складах.

Аб першых у гісторыі двухбаковых адносін беларуска-пакістанскіх кансультацыях па консульскіх пытаннях, якія адбыліся ў Ісламабадзе, 25 лютага паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

Цяпер грамадзяне Пакістана маюць права бязвізавага ўезду ў Беларусь праз пункты пропуску ў аэрапортах краіны “пры наяўнасці ў дзейсным дакуменце для выезду за мяжу дзейснай шматразовай візы дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза або дзяржаў — удзельніц Шэнгенскай зоны” з адзнакай аб уездзе на тэрыторыю згаданых дзяржаў, а таксама “авіябілетаў с пацверджаннем даты вылету” з Беларусі. Беларускія грамадзяне могуць наведваць Пакістан толькі пры наяўнасці візы.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін Еўрапейскага саюза працягваецца міграцыйны крызіс. Сярод нелегалаў, якія спрабуюць патрапіць у ЕС з беларускай тэрыторыі, ёсць і грамадзяне Пакістана.

Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўстаноўленыя 3 лютага 1994 года. З лістапада 2014 года ў Ісламабадзе працуе амбасада Беларусі.

Пакістан з’яўляецца далёка не самым буйным гандлёвым партнёрам Беларусі. Даныя аб узаемным гандлі за 2022, 2023 і 2024 гады адсутнічаюць. У студзені — жніўні 2021-га, згодна з інфармацыяй беларускай амбасады ў гэтай краіне, тавараабарот склаў 53,2 млн долараў (беларускі экспарт — 44,3 млн, пакістанскія пастаўкі — 8,9 млн). Яшчэ з савецкіх часоў краіна з’яўляецца буйным імпарцёрам беларускіх трактароў.

У пачатку лютага 2024 года Інстытут стратэгічных даследаванняў у Ісламабадзе выпусціў даведачны матэрыял да 30-годдзя беларуска-пакістанскіх адносін, у якім гаворыцца, што “за першыя пяць месяцаў 2023 года ўзаемны гандаль вырас на 30%, а беларускі экспарт у Пакістан павялічыўся ў 1,5 раза ў параўнанні з папярэднім годам”. У дакуменце адзначана, што Беларусь можа дапамагчы Пакістану дасягнуць мэты павялічыць агульны экспарт краіны да 100 млрд долараў.

Падзяліцца: