Мінск 03:07

Ад пачатку года ў АПК узбуджана 66 крымінальных спраў за “крадзяжы, хабары, утойванне падзяжу жывёлы” — МУС

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінсельгасхарча

31 сакавіка, Позірк. У 2024 годзе чвэрць усіх эканамічных злачынстваў была здзейсненая ў сельскай гаспадарцы, з іх 30% звязана з “незаконным абаротам” буйной рагатай жывёлы (БРЖ), паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале прэс-службы МУС).

“У гэтым годзе ў названай сферы ўжо ўзбуджана 66 крымінальных спраў за крадзяжы, хабары, утойванне падзяжу”, — падкрэсліў міліцэйскі чыноўнік.

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю ў адной з гаспадарак Талачынскага раёна (Віцебская вобласць), дзе дырэктар прадпрыемства “са студзеня па сакавік з мэтай утойвання падзяжу буйной рагатай жывёлы даваў падпарадкаваным работнікам незаконныя ўказанні аб рэалізацыі туш мясцоваму жыхару”.

У афіцыйныя дакументы, паводле яго слоў, уносіліся “загадзя фальшывыя звесткі пра ўнутрыгаспадарчы забой жывёл”.

Казакевіч сцвярджае, што “аналагічныя факты выяўленыя ва ўсіх рэгіёнах”.

Праверка МУС выявіла таксама “не адзінкавыя выпадкі парушэнняў” пры перапрацоўцы сельгаспрадукцыі.

“На днях супрацоўнікі ГУБАЗіКу МУС спынілі злачынную дзейнасць ветэрынарнага ўрача аднаго з мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў Віцебшчыны, — заявіў спікер. — Ён сістэматычна атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў сельгасарганізацый Гарадоцкага, Сенненскага, Лёзненскага, Шумілінскага і Віцебскага раёнаў за прыёмку мяса буйной рагатай жывёлы ў парушэнне ветэрынарна-санітарных правілаў. Выяўленыя сотні пераводаў грашовых сродкаў на яго карт-рахунак агульнай сумай не менш як 26 тысяч рублёў“.

Па выніках студзеня 2025 года колькасць буйной рагатай жывёлы (каровы, быкі ды інш.) склала 4 млн 21 тыс. 736 галоў — на 1,9% менш, чым на 1 лютага 2024-га (4 млн 101 тыс. 80), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Адмоўная дынаміка зафіксаваная ва ўсіх рэгіёнах: у Брэсцкай вобласці — 862.349 (873.093; -1,2%), Віцебскай — 489.203 (490.129; -0,2%), Гомельскай — 592.596 (602.406; -1,6%); Гродзенскай — 681.004 (697.438; -2,4%), Мінскай — 911.872 (929.619; -1,9%), Магілёўскай — 484.712 (508.395; -4,7%).

На прэс-канферэнцыі ў Мінску 25 чэрвеня 2024 года намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук заявіў, што большасць злачынстваў у сферы аграпрамысловага комплексу звязана з “утойваннем падзяжу буйной рагатай жывёлы і крадзяжамі”.

У 2024 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 73.270 злачынстваў — на 14,2% менш, чым у 2023-м (85.374), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць злачынстваў, здзейсненых “супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці”, за год стала большай на 19,3% (рост з 1.560 да 1.861).

Гл. таксама:

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў Беларусі за 30 гадоў скарацілася больш як на траціну

Падзяліцца: