Мінск 02:03

Латушка ўзніме ў ПАСЕ тэму знікнення спікера КР Мельнікавай

Анжаліка Мельнікава
Архіўнае відэа: PACE TV / Стоп-кадр: "Позірк"

7 красавіка, Позірк. Пра знікненне спікера Каардынацыйнай рады (КР) Анжэлікі Мельнікавай плануе распавесці намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), у якой ён возьме ўдзел як член дэлегацыі КР.

Вяснованя сесія ПАСЕ праходзіць 7–11 красавіка.

Палітык паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што плануе таксама звярнуць увагу “на экстратэрытарыяльныя злачынствы, што здзяйсняе рэжым Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў, якія пражываюць у еўрапейскіх краінах (завочныя прысуды, канфіскацыя маёмасці, пераслед родных у Беларусі)”.

Латушка мае намер паўдзельнічаць у дэбатах “Вайна ва Украіне: неабходнасць прыцягнення да адказнасці, недапушчальнасць беспакаранасці”, якія правядзе Камітэт ПАСЕ па прававых пытаннях і правах чалавека. Ён плануе прадставіць пацвярджэнні таго, што Аляксандр Лукашэнка здзяйсняе ваеннае злачынства — агрэсію, і падкрэсліць важнасць прыцягнення яго да адказнасці за саўдзел у вайне.

У рамках абмеркавання “Барацьба з транснацыянальным пераследам”, якое ладзіць згаданы камітэт, палітык хоча звярнуць увагу на “рэпрэсіі супраць беларусаў, што адбываюцца на тэрыторыі дзяржаў — членаў Савета Еўропы на загад рэжыму Лукашэнкі”.

“Нягледзячы на рэпрэсіі і жорсткасць рэжыму, мы не адступімся. Мы прадстаўляем праўду на ўсіх міжнародных пляцоўках пра рэальную сітуацыю ў краіне. Дэмакратычная Беларусь гучыць у Еўропе. Мы будзем выкарыстоўваць усе міжнародныя — як публічныя магчымасці, так і юрыдычныя працэдуры, — каб вярнуць беларускаму народу свабоду”, — адзначыў Латушка.

Сярод іншага на сесіі ПАСЕ адбудзецца сумеснае абмеркаванне “сістэматычнага пераследу ў Расіі і Беларусі асоб, што выступаюць супраць вайны”.

Пра тое, што Мельнікава не на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка, “Позірку” паведаміла 28 сакавіка прэс-служба Латушкі.

Старшыня ПАСЕ Тэадорас Русопулас і генеральны дакладчык ПАСЕ па пытанні аб дэмакратычнай Беларусі Рышард Петру выказалі занепакоенасць у сувязі са знікненнем Мельнікавай і заклікалі дапамагчы ў яе пошуках.

Мельнікава была абраная спікерам Каардынацыйнай рады трэцяга склікання 11 ліпеня 2024 года ад блока “Каманда Латушкі і рух “За Свабоду”, які значна апярэдзіў астатнія каманды ў колькасці атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.



Падзяліцца: