Мінск 05:59

У Польшчы мяркуюць, што навіна пра затрыманне Беларуссю найбуйнейшай партыі выбухоўкі на мяжы — дэзінфармацыя

Архіўнае фота: ДМК

8 красавіка, Позірк. Сцвярджэнне беларускай мытні пра тое, што на мяжы з Польшчай была затрыманая найбуйнейшая партыя выбухоўкі, хутчэй за ўсё, з’яўляюцца дэзінфармацыяй, паведамляе Polsat са спасылкай на польскі даследчы інстытут NASK.

NASK спецыялізуецца на кібербяспекі.

6 красавіка Дзяржаўны мытны камітэт заявіў пра спыненне ўвозу на тэрыторыю ЕАЭС найбуйнейшай у гісторыі Беларусі партыі выбухоўкі.

“580 кг асабліва магутнага выбуховага рэчыва замежнай вытворчасці (як мяркуецца, ЗША) спрабаваў правезці праз беларуска-польскую мяжу і далей транспартаваць у Расію 41-гадовы кіроўца”, — гаварылася ў рэлізе ведамства.

Мужчына, як сцвярджалася, рухаўся праз пункт пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль) “на транспартным сродку Mercedes”: “На падставе сістэмы аналізу рызык мытнікі накіравалі аўто на сканаванне з выкарыстаннем інспекцыйна-надгляднага комплексу. На сканаграме пабачылі нехарактэрныя зацямненні ў раёне падлогі аўтамабіля, а таксама ў сценцы, якая падзяляе грузавы і пасажырскі адсекі”.

Аўтамабіль быў накіраваны на паглыблены надгляд, праведзены частковы дэмантаж падлогі і сценкі аўтамабіля: “Гэтыя месцы былі цалкам напоўненыя тоўстым пластом рэчыва светла-шэрага і светла-жоўтага колеру”.

“Мяркуецца, выбуховае рэчыва спрабавалі схаваць, накрыўшы яго вібрашумаізаляцыйнымі лістамі і лістамі ДСП. Для таго каб на яго не зрэагавалі службовыя сабакі, унутраныя краі кузава апрацавалі тэхнічнай змазкай”, — адзначала ведамства.

Экспертыза мытнай лабараторыі, як было заяўлена, пацвердзіла, што гэта было “магутнае брызантнае выбуховае рэчыва пентаэрытрыттэтранітрат (ТЭН)”.

Кіроўца затрыманы. Яго грамадзянства не называлася. Пазней дзяржСМІ паведамілі, што мужчыну завуць Яўген Манько.

Брэсцкая мытня ўзбудзіла “ў дачыненні да грамадзяніна і іншых нявысветленых асоб” крымінальную справу паводле ч. 2 ст. 3331 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную граніцу ЕАЭС або дзяржмяжу Беларусі моцнадзейных, ядавітых, атрутных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбухных прыстасаванняў, зброі масавага паражэння або сродкаў яго дастаўкі, а таксама іншых відаў узбраення і вайсковай тэхнікі). Санкцыя — да 10 гадоў пазбаўлення волі.

7 красавіка Міністэрства замежных спраў Беларусі папракнула ў халатнасці супрацоўнікаў польскай мытні, якія, як сцвярджалася, прапусцілі партыю выбухоўкі.

У той жа дзень неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі паведаміў пра яго тэлефонную размову з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, які, як сцвярджалася, падзякаваў беларускаму боку “за затрыманне найбуйнейшай партыі асабліва небяспечнага грузу — выбухоўкі”.

Падзяліцца: