Мінск 07:19

У польскім Кракаве знойдзены мёртвым 50-гадовы беларускі актывіст

Сяргей Дубінін
Фота на старонцы праваабаронцы Судаленка ў "Фэйсбуку"

17 красавіка, Позірк. У Польшчы пры загадкавых абставінах памёр 50-гадовы беларускі актывіст з Рэчыцы (Гомельская вобласць) Сяргей Дубінін, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” праваабаронца Леанід Судаленка.

Цела беларуса з прыкметамі ненатуральнай смерці знайшлі 15 красавіка ў доме, дзе ён пражываў у Кракаве. Паводле інфармацыі праваабаронцы, “пакой быў у крыві, на падлозе ляжаў нож”.

“Хуткая дапамога канстатавала смерць, паліцыя распачала расследаванне, — паведаміў Судаленка. — Пакуль невядома, што менавіта адбылося — гвалтоўная смерць або суіцыд? Памяшканне апячатанае, ідуць следчыя дзеянні”.

“Сяргей быў актыўным і неабыякавым чалавекам, удзельнічаў у грамадскім жыцці, быў незалежным назіральнікам за выбарамі ў Рэчыцы. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года збіраў подпісы ў камандзе альтэрнатыўнага кандыдата. Пасля быў вымушаны з’ехаць, працаваў у Польшчы на ​​будоўлі”, — дадаў праваабаронца.

Паводле інфармацыі Судаленкі, ён сустракаўся з Дубініным у студзені гэтага года ў Вільнюсе. “Сустракаліся як землякі, размаўлялі, жартавалі, і нішто не паказвала на тое, што Сяргей стаміўся жыць”, — адзначыў ён.

Падзяліцца: