Мінск 01:48

Папа Францішак памёр ад інсульту і кардыяцыркуляторнага калапсу — упраўленне аховы здароўя Ватыкана

Ілюстрацыйнае фота: vaticannews.va

21 красавіка, Позірк. Папа рымскі Францішак (ураджэнец Аргенціны Хорхе Марыа Бергольа) памёр 21 красавіка ў 7:35 з прычыны цэрэбральнага інсульту, комы і незваротнага кардыяцыркуляторнага калапсу, вынікае са сведчання дырэктара Упраўлення аховы здароўя і гігіены Ватыкана Андрэа Арканджэлі, апублікаванага Залай друку Святога Пасада.

Цэрэбральны інсульт — гэта вострае парушэнне кровазвароту ў галаўным мозгу. Незваротны кардыяцыркуляторны калапс — стан, пры якім сэрца перастае эфектыўна перапампоўваць кроў, кровазварот цалкам спыняецца.

“У пацыента таксама меліся наступныя захворванні: перанесены раней эпізод вострай дыхальнай недастатковасці на фоне двухбаковай палімікробнай пнеўманіі, множныя бронхаэктазы, артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет II тыпу. Канстатацыя смерці была праведзеная з дапамогай рэгістрацыі электракардыянатанаграфічных даных”, — адзначыў Арканджэлі.

Спачуванні ў сувязі са смерцю пантыфіка выказалі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і Аляксандр Лукашэнка.

Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, у Апостальскай нунцыятуры ў Мінску 22–24 красавіка з 10:00 да 12:00 і 14:00 да 16:00 будзе адкрыта кніга спачуванняў.

Напярэдадні смерці ў штогадовым велікодным пасланні 88-гадовы папа Францішак сярод іншага заклікаў да вызвалення ваеннапалонных і палітычных вязняў.

Каталіцызм — другая паводле колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-каталікоў.

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй. Згодна з актуальнымі данымі апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, у краіне налічваецца 500 каталіцкіх парафій; дзейнічаюць 523 каталіцкія храмы, будуецца яшчэ 27.

Падзяліцца: