Мінск 12:56

Грамадзянін Беларусі абвінавачваецца ў Польшчы ў незаконнай легалізацыі замежнікаў

Фота: Памежная ахова Польшчы

20 траўня, Позірк. Сем грамадзян Казахстана і адзін грамадзянін Беларусі абвінавачваюцца ў Польшчы ў арганізацыі схемы незаконнай легалізацыі замежнікаў, паведамляе Пагранічная ахова краіны.

Адзначаецца, што восем абвінавачаных, у лік якіх уваходзяць студэнты адной з ВНУ Жэшува (Падкарпацкае ваяводства), дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы, яны стварылі “крэдытны механізм” для легалізацыі замежнікаў на падставе вучобы ў Польшчы.

Паводле звестак следства, фігуранты крымінальнай справы прадастаўлялі паслугу “крэдытавання” на сумы ад 30.000 да 50.000 злотых (каля 8–13 тыс. долараў па бягучым курсе Нацбанка Польшчы). Гэтыя сродкі павінны былі пацвердзіць меркаванае фінансавае забеспячэнне замежных “студэнтаў” для атрымання ў Польшчы часовага віду на жыхарства.

Пры гэтым “кліенты” групы наўмысна ўводзілі ў зман супрацоўнікаў дзяржорганаў Польшчы, падаючы ў заявах для легалізацыі ілжывыя звесткі. Атрыманыя ад абвінавачаных грошы яны вярталі “ў той жа дзень ці на наступны разам з “камісіяй”.

Сярод “кліентаў” былі “замежнікі казахскай нацыянальнасці з краін былога Савецкага Саюза”, грамадзяне Эфіопіі, Кеніі, Зімбабвэ, а таксама “такіх экзатычных куткоў свету, як Папуа-Новая Гвінея”, гаворыцца ў паведамленні.

Па справе затрыманыя 23 іншаземцы, якія незаконна атрымалі від на жыхарства. Ім прад’яўленыя абвінавачанні ў “прадастаўленні падробных сертыфікатаў” і “атрыманні ВНЖ ашуканскім шляхам”, яны дапытаныя ў якасці падазраваных. У дачыненні да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе нагляду, забароны на выезд з краіны і грашовага залогу.

Семярым грамадзянам Казахстана і беларусу прад’яўленыя 213 абвінавачанняў, ім інкрымінаваны “ўдзел у арганізаванай злачыннай групе”. “Рэкардсмену, грамадзяніну Казахстана, прад’яўлена 113 абвінавачанняў. Аднаму з замежнікаў прад’яўлена абвінавачанне ў кіраўніцтве групай”, — адзначае пагранслужба.

Раённы суд у Жэшуве пастанавіў часова арыштаваць траіх падазраваных (іх грамадзянства не ўказваецца). У дачыненні да астатніх прымененыя іншыя меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

Паведамляецца, што членам групы ад 20 да 23 гадоў.

Падзяліцца: