Мінск 04:05

Ініцыятыва MALDZIS набыла першае выданне кнігі “Жазло кіравання” Сымона Полацкага

Фота: Аліна Мазавец / maldzis.world

14 чэрвеня, Позірк. Ініцыятыва MALDZIS набыла “адзін з найбольш каштоўных кніжных помнікаў, створаных беларусамі”, — першае выданне кнігі “Жазло кіравання” (“Жезлъ правленіѧ”) манаха-асветніка Сымона Полацкага, паведамляе сайт гэтай супольнасці.

Адзначаецца, што кніга ўпершыню была надрукаваная ў 1667 годзе ў Маскве (перавыдадзеная ў 1753-м). Напісаная на царкоўнаславянскай мове, належыць да “надзвычай рэдкіх артэфактаў”.

Паводле інфармацыі ініцыятывы, кніга набытая ў Польшчы на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў. У будучыні яе плануецца перадаць у Музей-бібліятэку Сымона Полацкага — “у якасці грамадскага падарунка”. “Да вяртання ў Полацк кніга будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў па-за межамі Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Кіраўнік ініцыятывы MALDZIS экс-дыпламат Павел Мацукевіч назваў Сымона Полацкага “постаццю агульнаеўрапейскага маштабу” і адной з “самых яркіх асоб у гісторыі Усходняй Еўропы ў XVII стагоддзі”.

“Шмат у чым яго жыццё і творчасць (у тым ліку кніга “Жазло кіравання”) адлюстроўваюць культурную спецыфіку Беларусі як еўрапейскай краіны з асаблівай ідэнтычнасцю і гістарычнай спадчынай, якая склалася ў выніку сінтэзу традыцый і ўплываў Захаду і Усходу”, — падкрэсліў ён.

Апякун ініцыятывы MALDZIS, кіраўнік “Беларускай ініцыятывы” Chatham House сацыёлаг Рыгор Астапеня назваў кнігу “Жазло кіравання” прыкладам “багатых традыцый палемічнай літаратуры, якая была шырока распаўсюджаная акурат на беларускіх землях”.

“Нашыя продкі менавіта з дапамогай мовы палемічных тэкстаў, а не зброі імкнуліся вырашаць міжканфесійныя канфлікты. У тагачаснай Расіі такой традыцыі не існавала. “Жазло кіравання” лічыцца першым значным палемічным творам у расійскай гісторыі”, — адзначыў ён.

Сымон Полацкі (сапраўднае імя — Самуіл Пятроўскі-Сітнянoвіч) нарадзіўся ў Полацку ў снежні 1629-га года, паходзіў з купецкай сям’і. Вучыўся ў родным горадзе, затым ў Кіева-Магілянскай калегіі, пасля — у Віленскай езуіцкай акадэміі.

“З’яўленне на свет “Жазла кіравання” адбылося падчас жыцця Сымона ў Маскве, куды ён пераехаў з Полацка каля 1664 года, — звяртае ўвагу ініцыятыва MALDZIS. — У Маскоўскім царстве ён дажыў да канца сваіх дзён і здабыў славу як асветнік, царкоўны дзеяч заходняга кірунку, гуманіст, царскі настаўнік і дарадца, кніжнік, паэт і драматург”.

“Жазло кіравання” было створанае на падставе даручэння двух патрыярхаў — Александрыйскага і Антыяхійскага, а таксама мітрапаліта Газы, якіх Сымон Полацкі суправаджаў падчас царкоўнага сабору 1666–1667 гадоў у Маскве ў якасці сакратара і перакладчыка, — гаворыцца ў паведамленні. — Змест кнігі прысвечаны аналізу памылак і разыходжанняў з вучэннем царквы ў выступленнях старавераў. Свае довады асветнік грунтуе на фактах і лагічнасці разважанняў, што тады ўспрымалася як навацыя і “лацінства” ды ўпісвала “Жазло кіравання” ў плынь палемічнай літаратуры”. 

Сымон Полацкі, адзначае ініцыятыва, “пастаянна заклікаў да выкарыстання розуму, рацыянальных разважанняў і дакараў маскоўскіх царкоўных дзеячаў за неадукаванасць і адсутнасць дастатковых ведаў”.

Раней ініцыятыва MALDZIS набыла адну з версій першага выдання мапы Вялікага Княства Літоўскага, створанай езуітам беларускага паходжання Янам Напрэцкім (першая палова 1790-х гадоў, Нюрнберг); другое лацінскае выданне Радзівілаўскай мапы (1631 год, Амстэрдам); Трэці статут ВКЛ 1588 года (надрукаваны на польскай мове ў 1693-м у Віленскай езуіцкай акадэміі паводле рэдакцыі 1648 года); “Успаміны Крыштафа Завішы, ваяводы менскага, 1666–1721” (1862 год, Варшава, польская мова) ды інш.

Падзяліцца: