Мінск 21:49

Прадстаўнік ГУБАЗіК разлічвае, што палітэмігрантаў пачнуць выдаваць беларускім уладам

Ілюстрацыя: rawpixel.com / freepik.com

4 верасня, Позірк. Эмігрантаў, якія з’ехалі пасля 2020 года, пачнуць выдаваць беларускім уладам. Упэўненасць у гэтым выказаў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) Міністэрства ўнутраных спраў Уладзімір Гарагляд у эфіры праграмы “Вячэрні палітычны канал“ на “Радыё Мінск“ 3 верасня.

Гарагляд прывёў патэнцыйны маналог еўрапейца: “Сёння мы не выдаем, заўтра мы выдаем. Сёння мы гэтую канвенцыю разарвалі, заўтра мы яе зноў падпісалі, і сардэчна запрашаем. Мы будзем зараз з вамі супрацоўнічаць, вось, калі ласка“. (Пры гэтым Беларусь або краіны ЕС не выходзілі з канвенцый, якія тычацца выдачы злачынцаў. Дэмакратычныя краіны не выдаюць беларусаў, калі тыя пераследуюцца з палітычных матываў. — “Позірк”.)

Адзначыўшы, што беларускія сілавікі не могуць паехаць у суседнія дзяржавы “людзей вывозіць“, спікер ГУБАЗіК заявіў пра прынцып няўхільнасці пакарання. Паводле яго слоў, калі даказаная віна, выкарыстоўваецца спецыяльная (завочная) вытворчасць: “Чалавек прыгаворваецца да адбыцця пакарання за нейкае злачынства. У рэшце рэшт юрысдыкцыя калі-небудзь можа апынуцца і на нашым баку“.

Гарагляд падкрэсліў, што сілавікі пастаянна манітораць інтэрнэт: “Мы бачым, якія інтэрнэт-пляцоўкі цяпер папулярныя, якія менш папулярныя, дзе трэба больш надаць увагі, дзе застацца на ранейшым узроўні прысутнасці. У любой сацсетцы ёсць дэструктыўны кантэнт. Гэтак жа, як і на любую сацсетку разлічаны нейкія інфармацыйныя пасты, здольныя дэстабілізаваць абстаноўку”.

На думку прадстаўніка ГУБАЗіК, дэананімізаваць і прыцягнуць да адказнасці можна любога карыстальніка інтэрнэту.

Як паведамляў Позірк, 2 верасня генеральны пракурор, былы старшыня Следчага камітэта, ураджэнец Тбілісі Дзмітрый Гара і амбасадар Грузіі ў Беларусі Гіоргі Саганелідзэ дамовіліся “усяляк умацоўваць супрацоўніцтва на карысць абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян абедзвюх дзяржаў“ (цытата з прэс-рэлізу пракуратуры). Гара праінфармаваў суразмоўцу аб “стане беларуска-грузінскага ўзаемадзеяння ў галіне надання ўзаемнай прававой дапамогі па крымінальных справах, перадачы крымінальных вытворчасцяў для ажыццяўлення пераследу, а таксама экстрадыцыі асоб, якія ўчынілі злачынствы“.

Грузія пасля 2020 года стала адной з асноўных краін, куды эмігруюць беларусы, якія пераследуюцца на радзіме з палітычных матываў. Пры гэтым мясцовыя ўлады (партыя прарасійскага алігарха Бідзіны Іванішвілі“ Грузінская мара”) адмаўляюцца даваць ім прытулак.

4 верасня МУС Беларусі дадало адразу 52 чалавек у спіс датычных да “экстрэмісцкай дзейнасці“. Цяпер у адпаведным пераліку на сайце ведамства 6.887 пазіцый. З пазнакай “адбывае пакаранне” ў спіс унесена 32 чалавекі, роўна палова з іх (16) прызнаныя беларускімі праваабаронцамі палітвязнямі.

Таксама 4 верасня распачатая спецвытворчасць у дачыненні да 34-гадовага Андрэя Заянчкоўскага, які абвінавачваецца паводле пяці палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Працэдура спецвытворчасці ў Беларусі па лініі Следчага камітэта ўжывалася ў дачыненні да не менш за 187 чалавек.

Спецыяльная вытворчасць — гэта вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс.

Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна ставяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Улады актыўна выкарыстоўваюць спецвытворчасць для абвінавачання, правядзення судоў і канфіскацыі паводле іх рашэння ўласнасці фігурантаў, якія знаходзяцца за мяжой.

3 верасня аб магчымым вызваленні новай групы палітзакончаных у найбліжэйшай будучыні заявіла ў інтэрв’ю літоўскаму парталу 15min беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. У кантэксце вызвалення палітвязняў, сказала палітык, дэмсілы “вітаюць кожны крок рэжыму”: “Але мы павінны разумець, што гэта адбываецца не таму, што [Аляксандр] Лукашэнка стаў больш гуманным. Я наогул не стала б прыпісваць яму гуманнасць. Гэта адбываецца выключна дзякуючы ціску”.

“І мы просім нашых амерыканскіх і еўрапейскіх партнёраў памятаць, што вызваленне палітычных зняволеных — наш галоўны прыярытэт. Але перш за ўсё неабходна спыніць рэпрэсіі”, — падкрэсліла Ціханоўская.

“Пакуль адных людзей вызваляюць, удвая больш людзей затрымліваюць”, і гэтая практыка павінна спыніцца, мяркуе дэмлідар.

Як вынікае з апублікаванага 29 жніўня інтэрв’ю спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла “Голасу Амерыкі”, у сярэдзіне верасня ён плануе вызваліць яшчэ 200-300 палітвязняў па выніках чарговага візіту ў Беларусь.

Падзяліцца: