Мінск 20:29

Памежныя “і не толькі” беларускія бальніцы загружаныя параненымі расійскімі і ўкраінскімі вайскоўцамі — кіраўнік КДБ Церцель

Крыніца: minprom.gov.by

23 чэрвеня, Позірк. Ніводзін паранены расійскі або ўкраінскі вайсковец не памёр на тэрыторыі Беларусі падчас абменаў, заявіў старшыня Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель у інтэрв’ю беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню (выйшла ў эфір 22 чэрвеня).

“Параненыя — гэта заўсёды асобнае пытанне. Падчас абменных аперацый, калі паступаюць людзі, якія фактычна часам знаходзяцца — іх нямала — пры смерці і пытанне ў тым, што трэба надаць маментальную медыцынскую дапамогу, мы робім усё неабходнае, каб чалавек застаўся жывы. І выкарыстоўваем увесь патэнцыял нашай медыцынскай сістэмы. Ніхто з параненых, якія паступілі, не пайшоў з жыцця”, — сказаў Церцель.

“Разам з тым, — працягнуў ён, — даводзіцца часам улічваць абставіны, таму шмат параненых застаецца для далейшага працягу лячэння да таго моманту, калі іх можна транспартаваць, на нашай тэрыторыі. Таму прыгранічныя бальніцы і не толькі прыгранічныя ў нас загружаныя гэтым кантынгентам у тым ліку“.

“І расійскі, і ўкраінскі бок заўсёды выказваюць падзяку менавіта за гэты элемент. Робім усё, што можна, як сказаў наш кіраўнік дзяржавы, сярод гэтых людзей няма нам чужых. Мы робім усё, што ад нас залежыць. І падкрэсліць у гэтым асаблівую ролю нашых лекараў. Лекары, якія надаюць дапамогу. Там шмат параненых, ёсць людзі, якія практычна знаходзяцца на мяжы жыцця і смерці. Ёсць людзі, якія паступаюць з цяжкімі раненнямі, без канечнасцяў або ва ўмовах, калі трэба ратаваць проста вось проста зараз іх жыццё. Нашы лекары заўсёды працавалі кваліфікавана, на самым высокім узроўні, не лічачыся з асабістым часам, нагрузкай, нейкімі іншымі абставінамі. Трэба падкрэсліць, што ніводнага чалавека на нашай тэрыторыі падчас гэтых аперацый [абмену] мы не страцілі, ніхто не пайшоў з жыцця, хоць такіх выпадкаў і перадумоў да такіх сітуацый дастаткова шмат“, — заявіў старшыня КДБ.

Паводле яго слоў, гэта “вельмі, вельмі цяжкая праца”, у тым ліку для ўдзельнікаў гэтых аперацый з боку Беларусі. “Перш за ўсё ў псіхалагічным плане, калі тычыцца абмену целамі, шмат усялякіх аперацый, пра якія я не хацеў бы распавядаць. І, вядома, фізічна нават цяжка працаваць, калі суткамі неабходна гэтыя аперацыі выконваць“, — адзначыў Церцель.

У гэтым працэсе, сказаў ён, удзельнічаюць не толькі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі, але і лекары, супрацоўнікі МНС, “якія робяць сваю працу“, супрацоўнікі мясцовых адміністрацый, “ды нават практычна многіх прадпрыемстваў і арганізацый, якія надаюць дапамогу транспартам, дастаўкай, харчаваннем, разбудоўваюць інфраструктуру“.

“У апошні час запушчана чыгунка — там вялікая праца праведзена“, — паведаміў кіраўнік ведамства.

“Падзяка паступае таксама ад кіраўніцтва краін, — заявіў ён. — У прыватнасці, мы ведаем, прэзідэнт Расіі тэлефанаваў з гэтай нагоды спецыяльна нашаму кіраўніку дзяржавы і папрасіў заахвоціць людзей, якія ўдзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве, і падзякаваць. Прэзідэнт сваім рашэннем узнагародзіў дзяржаўнымі ўзнагародамі шэраг асоб і супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі і органаў пагранічнай службы, урачоў, работнікаў адміністрацый“.

“Гэты працэс працягваецца, і мы падкрэсліваем, што, нягледзячы на складанасць абстаноўкі, нягледзячы на тое, што мы бачым, што ўсё ж канфлікт пакуль знаходзіцца ў гарачай фазе, па-рознаму атрымліваецца. Мы знайшлі вось гэты механізм, дзе мы ўносім свой уклад у дээскалацыю сітуацыі, у пошук узаемаразумення, і ўсё — і ўкраінская, і расійскі бок, калі мы кантактуем, у добразычлівым, канструктыўным рэчышчы, вырашаюць усе бягучыя праблемы“, — сказаў Церцель.

Старшыня КДБ не згадаў, што для расійскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года была выкарыстаная таксама тэрыторыя Беларусі, а Аляксандр Лукашэнка публічна падтрымлівае дзеянні Крамля.

Гл. таксама паі тэме:

На тэрыторыі Беларусі праведзена 38 аперацый абмену паміж Расіяй і Украінай — Церцель

Падзяліцца: