Мінск 11:25

Лукашэнка дыпламатам: Забудзьцеся пра санкцыі і іншыя заходнія страшылкі — мы іх не маем

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

31 ліпеня, Позірк. “Забудзьцеся пра санкцыі ды іншыя заходнія страшылкі — мы іх не маем”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў.

“Стратэгія “дэмакратызацыі санкцыямі” правалілася, — цытуе спікера неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы. — Пабачыце, што неўзабаве пачнецца канкурэнцыя сярод новых канцэпцый. Там павінны загучаць разумныя галасы тых, з кім вы папрацуеце. Сыходзіць з еўрапейскага рынку і проста адвярнуцца ад ЕС нам ні ў якім разе нельга. Гэта суседзі, а іх, як вядома, не выбіраюць”.

У той жа час Лукашэнка адзначыў, што Еўрасаюз з 2020 года “наштампаваў ажно 18 пакетаў санкцый”. “Праўда, чым далей, тым больш павольна. У 2022 годзе прыняў пяць, потым чатыры, потым тры. Сёлета пакуль адзін пакет. Няма чаго больш забараняць? Ці адчулі, што страляюць сабе ў нагу? Напэўна, і тое, і другое”, — сцвярджае ён.

Паводле слоў палітыка, нягледзячы на “жорсткі эканамічны ціск, атрымалася забяспечыць людзей працай, даць рост даходаў і надзею на заўтрашні дзень”.

“Гэта (санкцыі. — “Позірк”.) не падставы для апраўдання правалаў і адсутнасці выніку. Увёў ЕС чарговую вар’яцкую забарону — вось вам дадатковыя аб’ёмы прадукцыі для рэалізацыі ў іншых рэгіёнах!” — сказаў Лукашэнка.

Узмацніць санкцыйны ціск на рэжым заклікала ў Хельсінкі 31 ліпеня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Рэжым Лукашэнкі ператварыў краіну ў лабараторыю рэпрэсій і тэрору — і мы павінны пакласці гэтаму канец”, — падкрэсліла яна.

Дэмлідар заклікала ЕС працягваць моцны ціск на рэжым Лукашэнкі — не толькі за яго саўдзел у вайне Расіі супраць Украіны, але і за працяглыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Яна выказалася за прыняцце адмысловага пакета санкцый у галіне правоў чалавека, скіраванага супраць тых, хто нясе адказнасць за рэпрэсіі і тэрор: пракурораў, супрацоўнікаў КДБ, суддзяў ды інш.

Варта адзначыць, што Еўрасаюз уводзіў санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Менска не так, як пра гэта кажа Лукашэнка. “18 пакетаў санкцый”, пра якія ён згадаў, уведзеныя ў дачыненні да Расіі, Беларусь фігуруе не ва ўсіх з іх, акрамя таго абмежавальныя меры ўводзіліся і без прывязкі да санкцый супраць Крамля.

У 2020 годзе ЕС тройчы прымаў рашэнні пра санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі — у кастрычніку, лістападзе і снежні — за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсіі (тут і далей як новыя пакеты абмежавальных мер, так і дапаўненні да ўжо прынятых).

У 2021-м — у чэрвені за прымусовую пасадку ў Мінску грамадзянскага самалёта заходняй авіякампаніі, у лістападзе за міграцыйны крызіс на мяжы, у снежні за парушэнні правоў чалавека і выкарыстанне мігрантаў у якасці зброі.

У 2022-м — двойчы ў сакавіку за дапамогу расійскай агрэсіі ва Украіне, у чэрвені за ўнутраныя рэпрэсіі.

У 2023-м — у жніўні на падставе сукупнасці парушэнняў, у чэрвені за дапамогу РФ.

У 2024-м — у жніўні і снежні за захаванне рэпрэсіўнай сітуацыі ў краіне.

У 2025-м — у лютым у кантэксце расійскай агрэсіі, сакавіку за фальсіфікацыю “выбараў”, ліпені за працяг падтрымкі дзеянняў Масквы.

У прамежкавыя перыяды ЕС рэгулярна падаўжаў раней уведзеныя санкцыі, уводзіў мытныя пошліны.

Уласныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі працягваюць уводзіць асобныя краіны ЕС, напрыклад, Польшча, Эстонія ды інш.

У парадку дня не паслабленне, а ўзмацненне санкцый супраць Беларусі — кіраўнік МЗС Літвы

30 ліпеня, Позірк. Цяпер у Літве "не адбываецца ніякіх працэсаў, звязаных з пераглядам санкцыйнай палітыкі і канкрэтных мер у дачыненні да Беларусі [у бок паслаблення]", заявіў журналістам 30 ліпеня ў будынку ўрада літоўскі міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс. "Наадварот, мы …
Падзяліцца: