Мінск 22:32

З пачатку года выяўлена 12 фактаў незаконнага ўвозу беспілотнікаў — ДПК

11 чэрвеня, Позірк. З пачатку 2026 года органы пагранслужбы выявілі 12 фактаў незаконнага ўвозу беспілотных лятальных апаратаў з тэрыторыі краін ЕС, а таксама “выпадкі іх захоўвання і выкарыстання на тэрыторыі Беларусі”, паведаміла 11 чэрвеня прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Удакладняецца, што 8 чэрвеня на тэрыторыі Брэсцкага раёна, паблізу ад дзяржаўнай мяжы, пагранічнікі па аператыўнай інфармацыі затрымалі грамадзяніна Беларусі. Пры сабе ў мужчыны быў беспілотнік самалётнага тыпу саматужнай вытворчасці і сродкі для яго запуску.

БПЛА і камплектуючыя канфіскаваны “для правядзення далейшага разбору”. За парушэнне памежнага рэжыму (арт. 24.19 КоАП), распачаты адміністрацыйны працэс. Акрамя таго, “у дзеяннях грамадзяніна таксама бачацца парушэнні правілаў выкарыстання паветранай прасторы (ч. 2 арт. 18.35 КоАП) і незаконныя дзеянні ў дачыненні да грамадзянскіх БПЛА (ч. 1 арт. 18.38 КоАП)”. Яму пагражае штраф да 130 базавых велічыняў (5.850 рублёў) і канфіскацыя беспілотніка, гаворыцца ў рэлізе.

9 чэрвеня супрацоўнікамі Гродзенскай пагрангрупы ў пункце пропуску Брузгі ў жыхара Ліды былі канфіскаваны два беспілотнікі, якія “ён хацеў завезці з Еўрасаюза”. Праводзяцца “далейшыя разбіральніцтвы”.

28 кастрычніка 2025 года начальнік упраўлення прававой, кадравай работы і дакументацыйнага забеспячэння Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Вольга Калошыч паведамляла, што на дзяржаўным уліку ў Беларусі стаіць 1.588 грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў.

25 верасня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, які ўводзіць забарону для фізічных асоб на ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб грамадзянскіх БПЛА на тэрыторыі краіны. Дакумент набыў моц 1 красавіка 2024 года.

Ён прадугледжвае, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб БПЛА дазволены толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам “у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці з захаваннем патрабаванняў, устаноўленых гэтым указам”.

Пасля падпісання ўказа ў праўладную арганізацыю “Патрыёты Беларусі” было перададзена больш за 200 беспілотнікаў, паведаміла ў сакавіку 2024 года прэс-сакратар арганізацыі Ірына Сінькевіч.

Падзяліцца: