Мінск 11:26

Следчы камітэт прыгразіў адказнасцю за “супрацьпраўны кантэнт” у “Трэдсе” і “ЦікТоку”

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

11 чэрвеня, Позірк. Пра адказнасць грамадзян за “супрацьпраўны кантэнт” у сацсетках “Трэдс” і “ЦікТок” заявіў 11 чэрвеня Следчы камітэт.

“Ва ўмовах росту колькасці выпадкаў распаўсюджвання дэструктыўнай інфармацыі следчыя ўзмацняюць маніторынг і аператыўнае рэагаванне на публікацыі і каментарыі, асабліва ў “Трэдсе” і “ЦікТоку”, з наступнай прававой ацэнкай дзеянняў аўтара”, — адзначае ведамства.

Асаблівая ўвага будзе нададзена “дэзінфармацыі насельніцтва”, “распальванню сацыяльнай варожасці”, “загадзя ілжывым паведамленнях аб небяспецы”, “рэабілітацыі нацызму”.

“Устаноўленыя факты, калі асобныя асобы з мэтай павелічэння ахопу сваіх публікацый і прыцягнення аўдыторыі на акаўнт наўмысна распаўсюджваюць інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці, аб учыненым кім-небудзь злачынстве, выстаўляюць сябе ахвярай ці сведкам злачынства. Маюцца выпадкі, калі ў аснове такіх публікацый ляжыць выдуманая гісторыя. Такім фактам будзе таксама давацца прававая ацэнка”, — гаворыцца ў паведамленні.

Звяртаецца ўвага, што падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы з’яўляюцца “не толькі заявы грамадзян, але і паведамленні аб злачынствах у сродках масавай інфармацыі, а таксама непасрэднае выяўленне органам крымінальнага пераследу звестак, якія ўказваюць на прыкметы злачынства”.

Паводле сцвярджэння СК, “дэструктыўны” кантэнт “наносіць сур’ёзную шкоду грамадству і дзяржаве”.

“Дэзінфармацыя і ілжывыя паведамленні аб небяспецы правакуюць непакой сярод насельніцтва, адцягваюць сілы праваахоўных органаў і экстранных службаў ад рэальных задач. У эпоху хуткага распаўсюджвання інфармацыі ў інтэрнэце адзін правакацыйны пост ці каментарый можа за лічаныя гадзіны ахапіць дзясяткі тысяч карыстальнікаў, наносячы шкоду стабільнасці і бяспецы краіны”, — заяўляе ведамства.

Адзначаецца, што СК сумесна з “іншымі праваахоўнымі органамі” выяўляе “асоб, якія маюць дачыненне да падобных дзеянняў, выкарыстоўваючы ўвесь спектр следчых дзеянняў і міжнароднае супрацоўніцтва”. У дачыненні да такіх асоб узбуджаюцца крымінальныя справы.

Следчы камітэт заклікаў карыстальнікаў інтрэрнэту “праяўляць адказнасць і грамадзянскую свядомасць” і “не распаўсюджваць кантэнт, які можа нанесці шкоду грамадству”.

Палітычныя пераследы за каментарыі ў інтэрнэце сталі масавай з’явай у Беларусі пасля падзей 2020 года. За крытыку ўлады і яе прадстаўнікоў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, рэгулярна выносяцца прысуды,звязаныя з пазбаўленнем волі.

Беспрэцэдэнтныя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі шэсць гадоў.

Гл. таксама:

Да Лукашэнкі праз “ЦікТок” звярнуліся з просьбай адмяніць рашэнне Мінгарвыканкама ліквідаваць фонд дапамогі анкахворым дзецям

Падзяліцца: