Мінск 17:00

Лукашэнка разлічвае “дыверсіфікаваць гандлёва-эканамічныя сувязі” з Інданезіяй

17 жніўня, Позірк. Жаданне “істотна дыверсіфікаваць гандлёва-эканамічныя сувязі, а таксама актывізаваць кантакты на ўсіх узроўнях” з Інданезіяй выказаў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні прэзідэнту Прабава Субіянта з Днём незалежнасці.

“З цеплынёй успамінаю нашу нядаўнюю сустрэчу ў Мінску. Пацвярджаю імкненне да пашырэння адносін з вашай краінай у розных галінах як у двухбаковым фармаце, так і на шматбаковых пляцоўках”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён пажадаў кіраўніку дзяржавы ў Паўднёва-Усходняй Азіі “выдатнага здароўя і невычэрпнай стваральнай энергіі”, а “дружалюбнаму інданезійскаму народу — міру і прагрэсу”.

Лукашэнка сустрэўся з Прабава Субіянта 15 ліпеня ў адной са сваіх рэзідэнцый. Сустрэча не анансавалася. Пра яе змест таксама не паведамлялася, хаця, паводле версіі прэс-службы прымаючага боку, абмяркоўвалася “шырокае кола тэм”.

Прэзідэнт Інданезіі наведаў Беларусь, вяртаючыся з Еўропы, дзе правёў шэраг перагавораў. 14 ліпеня ён сустрэўся ў Парыжы з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, днём раней у Бруселі — з кіраўніком Еўракамісіі Уршуляй фон дэр Ляен. 19 чэрвеня рамках Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму Прабава Субіянта сустрэўся з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Двухбаковае ваеннае супрацоўніцтва абмеркавалі ў Мінску 28 ліпеня начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка і міністр абароны Інданезіі Шафры Шамсудзін.

5–7 жніўня краіну наведаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, абмяркоўваліся “пытанні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэння ў Інданезіі зборачных вытворчасцей”.

Раней Джакарта выказвала зацікаўленасць у больш актыўным імпарце беларускіх калійных угнаенняў.

Па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% у параўнанні з 2023-м (89,1 млн) і склаў 128,4 млн долараў (даныя МЗС Інданезіі). З іх 43,6 млн прыйшлося на экспарт Джакарты (13,4 млн; 225%).

Лукашэнка наведваў Інданезію ў 2013 годзе.

Падзяліцца: