Рыжанкоў наведае Кыргызстан
21 ліпеня, Позірк. Афіцыйны візіт у Кыргызстан міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова анансавала беларускае знешнепалітычнае ведамства.
Візіт пройдзе 21–26 ліпеня. Заяўляецца, што міністр правядзе “сустрэчы на вышэйшым і высокім узроўнях”, а таксама “возьме ўдзел у мерапрыемствах гандлёва-эканамічнай скіраванасці”.
“Акрамя таго, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства прадставіць Беларусь на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (СМЗС ШАС), якое пройдзе ў Чалпон-Аце, а таксама абмяркуе пытанні двухбаковага парадку дня з калегамі з дзяржаў — членаў ШАС”, — гаворыцца ў паведамленні.
У чэрвені Кыргызстан наведваў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Паводле вынікаў візіту паведамлялася аб падпісанні кантрактаў на суму звыш 5 млн долараў. На аўдыенцыі ў прэзідэнта Садыра Жапарава кіраўнік урада Беларусі назваў Кыргызстан “надзейным сябрам, правераным часам саюзнікам і важным гандлёвым партнёрам”.
Бакі адзначылі, што перад краінамі пастаўлена “амбітная мэта” — давесці ўзаемны тавараабарот да 2030 года да 500 млн долараў.
6 снежня 2025 года, віншуючы Жапарава з 57-годдзем, Аляксандр Лукашэнка “высока ацаніў” яго ўнёсак у развіццё “сяброўскіх адносін паміж Беларуссю і Кыргызстанам”, а таксама садзейнічанне “эфектыўнаму і ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву”.
Беларусь і Кыргызстан з’яўляюцца партнёрамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а таксама саюзнікамі ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.
Пры гэтым афіцыйны Мінск ігнаруе запыты Генеральнай пракуратуры Кыргызстана аб выдачы былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі ў 2010 годзе і быў завочна асуджаны на радзіме да некалькіх працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі па справах, звязаных з карупцыяй.
У сакавіку 2025 года Жапараў заяўляў у інтэрв’ю агенцтву “Кабар”, што Мінск і Бішкек вядуць перамовы аб перадачы Бакіева Кыргызстану.
“Што датычыцца Курманбека Бакіева, па ім вядуцца перамовы. Нам кажуць: “Калі не пасадзіце, то гатовыя яго перадаць”, — сказаў палітык, адказваючы на пытанне, звязанае з чуткамі пра прыезд у Кыргызстан старэйшага сына Бакіева Максіма, асуджанага на радзіме да пажыццёвага зняволення.
Аналагічная сітуацыя з экс-прэм’ерам Сапарам Ісакавым, які знаходзіцца ў вышуку. У Мінску, паводле сцвярджэння Жапарава, кажуць: “Калі не пасадзіце, гатовыя перадаць хоць сёння”. У Бішкеку, сказаў ён, “думаюць над гэтым”.
“З аднаго боку, можна ж пагадзіцца, прывезці іх і дапытаць па справе ЦЭЦ, па справе музея. Няхай раскажуць, хто і колькі грошай атрымаў, — адзначыў ён. — А вяртанне скрадзеных сродкаў у бюджэт — гэта ўжо задача сілавых структур. Бо мільярды скрадзеных сродкаў мы менавіта такімі шляхамі і вярнулі”.
“Тое ж тычыцца і Курманбека Бакіева. Ідзе размова пра тое, колькі грошай захоўвалася ў банкаўскіх ячэйках. Таксама абмяркоўваецца выкрадзены з офіса Максіма залаты канцэнтрат. Якім быў яго аб’ём у тонах? Мы маглі б выслухаць яго як другі бок па падзеях красавіка, чэрвеня [2010 года] і іншых справах і, нарэшце, паставіць у іх кропку. Бо народ ужо 15 гадоў патрабуе: “Чаму не можаце даставіць іх з той жа Масквы ці Мінска?”, — сказаў прэзідэнт Кыргызстана.
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЭксперты назвалі "кіраваную перадачу ўлады зверху" найбольш верагодным сцэнарыем сыходу Лукашэнкі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка



