Мінск 17:06

Правядзенне сумесных з Расіяй вучэнняў супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі — АПК

Крыніца: АПК

10 верасня, Позірк. Правядзенне супольных з РФ вайсковых вучэнняў супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, бо вонкавыя пагрозы, пра якія кажуць улады ў Мінску і Маскве, “насамрэч цалкам інспіраваныя”, заявіў 10 верасня Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) у сувязі з пачаткам 12 верасня беларуска-расійскіх манеўраў “Захад-2025”.

“На фоне вайны Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі з’яўляецца суагрэсарам, вайсковыя вучэнні “Захад-2025″ вядуць да эскалацыі напружанасці на кантыненце і ствараюць пагрозы для рэгіянальнай бяспекі”, — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што “размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі і ўключэнне ў вучэнні планаў па яе выкарыстанні — прыклад злачыннай безадказнасці ў сферы падтрымання міжнароднага міру і бяспекі”.

На думку АПК, “масавае парушэнне паветранай прасторы Польшчы расійскімі дронамі з тэрыторыі Беларусі” ў ноч на 10 верасня “пацвярджае, што дзеянні РФ нясуць непасрэдную пагрозу краінам-суседзям і дэстабілізуюць усю сістэму бяспекі ў Еўропе”.

У заяве падкрэсліваецца, што беларусы “пазбаўленыя права выбару”, паколькі “фактычна ўлада ў краіне захопленая групай асоб, якая не служыць грамадству і праводзіць супраць яго рэпрэсіі”.

“Пагрозы рэгіянальнай бяспецы, выкліканыя палітыкай рэжыму Лукашэнкі, будуць заставацца перманентнымі, пакуль не будзе вырашаны грамадска-палітычны крызіс у Беларусі”, — адзначае АПК.

Кабінет заявіў аб падтрымцы “справядлівай барацьбы Украіны за незалежнасць” і “рашуча выступіў” супраць “саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў ганебнай агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны”.

У заяве АПК перасцярог кіраўніцтва Узброеных сіл ад “правакацый, якія могуць мець негатыўныя наступствы для Беларусі і суседніх краін”, а таксама заклікаў УС “не ўдзельнічаць у правакацыях з боку Расіі”.

Кабінет заклікаў краіны Еўрасаюза “захоўваць магчымасць свабоднага руху і зносін праз мяжу Беларусі з ЕС, каб пазбегнуць ізаляцыі і абмежавання сувязяў беларусаў са знешнім светам”.

АПК зноў заявіў, што для выхаду з крызісу ў краіне “неабходна правядзенне круглага стала для ўмацавання суверэнітэту Беларусі і яе вяртання да статусу донара рэгіянальнай стабільнасці”.

Раніцай 10 верасня польскія ўлады паведамілі аб масавым уварванні расійскіх дронаў на тэрыторыю краіны — першым за тры з паловай гады поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. Паводле інфармацыі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, частка расійскіх дронаў прыляцела ў Польшчу праз Брэсчкую вобласць. Варшава заявіла пра “акт агрэсіі”. Паведамляецца аб адным пашкоджаным жылым будынку. Для нейтралізацыі БПЛА задзейнічаліся сілы як Польшчы, так і іншых краін НАТО.

Начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што “па наяўных каналах узаемадзеяння ў перыяд з 23:00 гадзін 9 верасня да 4:00 10 верасня дзяжурныя сілы і сродкі [Беларусі] абменьваліся інфармацыяй аб паветранай і радыёлакацыйнай абстаноўцы з дзяжурнымі сіламі і сродкамі Польшчы і Літоўскай Рэспублікі”. “Тым самым апавясціўшы іх пра набліжэнне невядомых лятальных апаратаў да тэрыторыі іх краін”, — дадаў прадстаўнік ваеннага ведамства.

Паводле яго сцвярджэння, гэта дазволіла польскаму боку аператыўна адрэагаваць на дзеянні беспілотнікаў, падняўшы ў паветра свае дзяжурныя сілы.

Маштабныя вучэнні “Захад-2025” пройдуць 12–16 верасня. Падчас вучэнняў будуць адпрацаваныя “планаванне ўжывання” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

Туск: Значная частка БПЛА заляцела ў Польшчу з Беларусі

10 верасня, Позірк. Мінулай ноччу ў Польшчы зафіксавана і “дакладна адсочана” 19 парушэнняў паветранай прасторы, вядома пра "тры ці чатыры" збітыя БПЛА, заявіў 10 верасня ў польскім Сейме прэм'ер-міністр Дональд Туск. "Новым, у горшым сэнсе гэтага слова, з'яўляецца кірунак, адкуль …

Падзяліцца: