Лукашэнка хваліцца дапамогай храмам, замоўчваючы, што яны маюць ахоўны статус

19 верасня, Позірк. Неабходна “патроху дапамагаць усім, каб захаваць мір і спакой у плане рэлігіі на беларускай зямлі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі Веніямінам (Тупека) 19 верасня падчас наведвання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра (Слонімскі раён Гродзенскай вобласці).
“Бо мы, дапамагаючы адной канфесіі, пакрыўдзім іншых, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — І пачнуцца трэнні. Нам гэта трэба? Нам гэта не трэба. Таму зыходзіць трэба з таго, дзе і што нам трэба зрабіць для таго, каб захаваць мір і спакой на гэтай зямлі. А рэлігійны мір і спакой — гэта адзін са складнікаў нашага ўсеагульнага міру”.
Паводле яго слоў, праваслаўнай канфесіі “вельмі сур’ёзна дапамаглі ў Жыровічах, дапамаглі каталікам з Будслаўскім касцёлам (Мядзельскі раён Мінскай вобласці. — “Позірк”)”.
Аналагічна “хочуць свае рэлігійныя цэнтры прыводзіць у парадак і развіваць паслядоўнікі мусульманства і іўдаізму, іншыя больш дробныя канфесіі”, сказаў ён. Аднак рабіць гэта будуць “згодна з чарговасцю”, паколькі “дзяржава нясе яшчэ і сацыяльныя функцыі, уключаючы будаўніцтва жылля і іншыя напрамкі”.
“У нас ёсць агульнадзяржаўных маса праблем. Адна з іх — гэта жыллё. Ды і па дарогах праблем нямала. Людзі скардзяцца на ахову здароўя, жыллёва-камунальную гаспадарку. Маса пытанняў, якія трэба вырашаць. Але я не бачыў, каб людзі паскардзіліся, што ім няма куды ў храм схадзіць памаліцца”, — сказаў Лукашэнка.
Верагодна, прамоўца меў на ўвазе дзярждапамогу пры аднаўленні касцёла ў Будславе пасля пажару 11 траўня 2021 года. У лютым 2025-га за дапамогу ў гэтым дзякаваў Лукашэнку старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Іосіф Станеўскі.
Пажар прывёў да таго, што дах абваліўся, абраз Маці Божай Будслаўскай, Святыя Дары і іншую маёмасць паспелі вынесці. У той жа дзень Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі звярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў на аднаўленне касцёла.
12 траўня была створаная спецыяльная камісія для ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні святыні.
Першая служба пасля пажару прайшла ў касцёле ў снежні 2021 года.
Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, як і касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе, маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўключаныя ў адпаведны дзяржаўны спіс.
Акрамя таго, у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2018 годзе ўключана “Свята ў гонар ушанавання Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)” у вёсцы Будслаў. Адбываецца ў першую пятніцу і суботу ліпеня.
Такім чынам, падтрыманне захаванасці згаданых аб’ектаў — прамы абавязак дзяржавы, прапісаны ў Кодэксе аб культуры. Дзяржава павінна ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцяў, уключаных у спіс, іх “ахоўваць і захоўваць як нацыянальны здабытак”.

- Грамадства, ПалітыкаЗа мінулыя суткі суседнія краіны ЕС зафіксавалі найменшую за апошнія тры месяцы колькасць спроб нелегальнай міграцыі з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка