Мінск 21:48

Амбасадар у Інданезіі: Кожны год насельніцтва краіны павялічваецца на некалькі мільёнаў чалавек, іх трэба накарміць

19 верасня, Позірк. Беларусь “мае ўсе магчымасці”, каб “уносіць значны ўклад” у забеспячэнне прадуктовай бяспекі Інданезіі, заявіў амбасадар Беларусі ў гэтай краіне Раман Раманоўскі ў інтэрв’ю дзяржгазеце “Рэспубліка” (апублікавана 19 верасня).

Дыпламат нагадаў, што летась прэзідэнт краіны Прабава Субіянта ініцыяваў праграму бясплатнага харчавання для інданезійскіх школьнікаў і выхаванцаў дашкольных устаноў: “Для дзяцей распрацавана збалансаванае меню, абавязковым кампанентам якога з’яўляецца малако. Аднак у сувязі з рознымі фактарамі ў цяперашні час у Інданезіі адзначаецца значны разрыў паміж унутранай вытворчасцю малака і растучым попытам. Таму краіна працягвае залежаць ад імпарту, які пакрывае да 80 працэнтаў унутранага спажывання”.

У гэтай сувязі амбасада “вядзе актыўную працу па забеспячэнні акрэдытацыі беларускіх малочных вытворцаў для паставак у Інданезію”, дазволы ўжо маюць ААТ “Савушкін прадукт”, “Бабушкіна крынка” і “Верхнядзвінскі масласырзавод”.

Восенню 2024 года “ўдалося забяспечыць прызнанне інданезійскім бокам сертыфікатаў халяль, выдадзеных у Беларусі”, сказаў Раманоўскі: “Інданезія — краіна з пераважна мусульманскім насельніцтвам, таму для замежнай прадукцыі, перш за ўсё харчовай, важна наяўнасць сертыфікацыі”.

Беларусь таксама здольная забяспечыць дзяржаву ў Паўднёва-Усходняй Азіі калійнымі ўгнаеннямі, “якія выступаюць асновай для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур”, пастаўляць сельскагастэхніку.

“Беларуска-інданезійскі тавараабарот з сярэдзіны 1990-х гадоў (1,8 млн долараў у 1995-м) да цяперашняга часу вырас у сотні разоў”, — падсумаваў прадстаўнік Мінска.

Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Інданезіі 15 ліпеня ў адной са сваіх рэзідэнцый. Сустрэча не анансавалася. Пра яе змест таксама не паведамлялася, хоць паводле версіі прэс-службы прымаючага боку, абмяркоўваўся “шырокае кола тэм”.

Двухбаковае ваеннае супрацоўніцтва абмеркавалі ў Мінску 28 ліпеня начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка і міністр абароны Інданезіі Шафры Шамсудзін.

5–7 жніўня краіну наведаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, абмяркоўваліся “пытанні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэння ў Інданезіі зборачных вытворчасцей”.

Раней Джакарта выказвала зацікаўленасць у больш актыўным імпарце беларускіх калійных угнаенняў.

Па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% у параўнанні з 2023 годам (89,1 млн) і склаў 128,4 млн долараў (даныя МЗС Інданезіі). З іх 43,6 млн прыпалі на экспарт Джакарты (13,4 млн; +225%).

Лукашэнка наведваў Інданезію ў 2013 годзе.

Насельніцтва краіны ў 2020 годзе перавышала 270 млн чалавек.

54-гадовы Раманоўскі працуе амбасадарам у Інданезіі, а таксама па сумяшчальніцтве ў Малайзіі, Сінгапуры і на Філіпінах з лістапада 2023 года. Раней быў намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення Еўропы МЗС.

Падзяліцца: