Камітэт ААН па правах чалавека разглядае скаргу, пададзеную лідарам стачкама “Беларуськалія” Анатолем Бокунам, які ўтрымліваецца ў амерыканскім міграцыйным цэнтры
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 26 верасня 2025 года ў 18:45

26 верасня, Позірк. Адзін з лідараў стачкама ААТ “Беларуськалій” Анатоль Бокун працягвае знаходзіцца ў міграцыйным цэнтры горада Батэйвія ў штаце Нью-Ёрк, вынікае з інфармацыі, размешчанай на сайце Іміграцыйнай і мытнай службы (ІМС) ЗША.
Як стала вядома “Позірку”, яшчэ ў 2023 годзе Камітэт ААН па правах чалавека прыняў, зарэгістраваў і цяпер разглядае скаргу Бокуна супраць дзяржавы Беларусь. У ёй ён указаў на шматлікія парушэнні сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама на жорсткае абыходжанне з боку ўладаў.
Скаргу дапамагаў складаць адвакат Вадзім Драздоў, які перадаў “Позірку” копіі скаргі і адказу з Камітэта ААН па правах чалавека.
У скарзе апісваецца агульная сітуацыя ў Беларусі пасля выбараў 2020 года, утрымліваецца інфармацыя пра пераслед актывістаў, НДА, журналістаў, страйкоўцаў.
Бокун быў звольнены 20 жніўня 2020 года за ўдзел у арганізацыі і правядзенні забастоўкі работнікаў “Беларуськалія”. 24 верасня 2020 года яго аштрафавалі за ўдзел у двух мірных сходах у Салігорску. У перыяд паміж 31 жніўня і 30 кастрычніка 2020 года Бокун 45 дзён быў пазбаўлены волі за ўдзел у некалькіх мірных сходах у гэтым раённым цэнтры. Рашэнне пра адміністрацыйны арышт тройчы выносіў суд Салігорскага раёна.
8 траўня 2021 года актывіст быў затрыманы і дастаўлены ў аддзяленне міліцыі Салігорска. Бокуна падазравалі ў “незаконнай арганізацыі дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзеле ў іх дзейнасці” (арт. 193¹ КК). Але ў выніку яго абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэнні — непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі. 12 траўня 2021 года, пакуль Бокун знаходзіўся пад вартай у чаканні разгляду пратакола, суд даў яму 30 сутак адміністрацыйнага арышту за пікетаванне 23 сакавіка таго ж года.
Рашэнні судоў Бокун безвынікова абскарджваў у вышэйшых інстанцыях.
Акрамя таго, улады падазравалі актывіста ў незаконным стварэнні фонду дапамогі страйкуючым шахцёрам, але Бокун адмаўляў гэта.
31 траўня 2021 года суд Салігорскага раёна арыштаваў Бокуна, які ўжо знаходзіўся ў зняволенні, яшчэ на 15 сутак — за нібыта непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі 8 траўня 2021 года.
На пачатку 2022 года актывіст пакінуў Беларусь, баючыся далейшага пераследу. Вычарпаўшы даступныя сродкі прававой абароны, ён звярнуўся са скаргай у ААН, у якой заявіў, што ягоны пераслед з боку беларускіх уладаў раўназначны катаванням.
Бокун папрасіў разгледзець скаргу па сутнасці і прызнаць парушэнні яго правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь. Таксама ён прасіў камітэт прызнаць яго права на адпаведную кампенсацыю, уключаючы судовыя выдаткі і грошы, заплачаныя за харчаванне ў зняволенні, а таксама на прыняцце належных мер справядлівай сатысфакцыі, у тым ліку публічныя выбачэнні.
Бокун прасіў камітэт рэкамендаваць уладам Беларусі адмяніць артыкул 24.23 КаАП і заканадаўства, якое крыміналізуе дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў, і прывесці іншае заканадаўства аб выражэнні сваіх поглядаў у адпаведнасць з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Камітэт па правах чалавека прызнаў скаргу Бокуна прымальнай і прыняў яе да разгляду. Паводле практыкі, КПЧ можа разглядаць скаргі некалькі гадоў.
17 верасня Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы паведаміла, што як мінімум дзевяць беларусаў, выкліканых для чарговай “адзнакі” ў ІМС, былі затрыманыя і змешчаныя ў спеццэнтры, у дачыненні да іх праводзяцца праверкі.
“Калі вы падаліся на палітычны прытулак у ЗША і чакаеце суда, і вас выклікаюць з любой прычыны ў ІМС або Службу па грамадзянстве і міграцыі, то існуе рызыка, што вас могуць “памясціць у “дэтэншн” (detention center — іміграцыйны цэнтр. — “Позірк”.), дзе ў вас не будзе доступу да інтэрнэту для падрыхтоўкі кейса, складана будзе паведаміць родным і сябрам пра сітуацыю, можа быць страчаны час для працы з адвакатам, не будзе доступу да лекаў”, — папярэдзіла арганізацыя.
8 верасня амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі папярэдзіла пра наступствы парушэння тэрмінаў легальнага знаходжання на амерыканскай тэрыторыі.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі перавысіла 3 млрд долараў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваBySol выключаны з Міжнароднага гуманітарнага фонду, але можа падаваць у яго заяўкі як гасцявая арганізацыяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года палітвязнямі было прызнана больш за 4 тыс. чалавек — ШыянокМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаУ жніўні колькасць занятых у эканоміцы Беларусі вырасла на 8,2 тыс. чалавек (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- АнонсыАнонсы падзей на 26 верасня — 15 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка