Лукашэнка гатовы будаваць новую АЭС для забеспячэння анексаваных РФ тэрыторый Украіны

26 верасня, Позірк. Пра гатоўнасць будаваць другую атамную электрастанцыю заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 верасня ў Маскве на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
“Калі вы ўхваліце праект пашырэння [першай АЭС у Астраўцы] або будаўніцтва новай атамнай станцыі, можа быць, нават на ўсходзе Беларусі — з мэтай… калі будзе неабходнасць забеспячэння электраэнергіяй усходніх раёнаў, вызваленых Расіяй: Херсонскай, Запарожскай <…> Луганскай, Данецкай і гэтак далей (анексаваных Расіяй абласцей Украіны. — “Позірк”.)”, — заявіў беларускі госць (відэафрагмент гутаркі апублікаваў неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі).
Паводле яго слоў, на момант будаўніцтва першай АЭС у Беларусі не было дэфіцыту электраэнергіі, нібыта нават “пераймаліся — пабудуем станцыю, што будзе далей”. “А калі эканоміка расце… Слухайце, электрамабілі гэтыя з’яўляюцца ўсё больш і больш, трэба запраўляць станцыі. Мы навучыліся іх рабіць і ў Расію прадаем. І самае галоўнае, што мы паэксперыментавалі — <…> дамы жылыя. Замянілі на электрычнасць — добра атрымліваецца (гаворка пра ацяпленне дамоў шляхам электранагрэву носьбіта цяпла. — “Позірк”.)”, — аргументаваў палітык планы па пашырэнні ядзерных магутнасцяў.
Лукашэнка заявіў, што расійская дзяржкарпарацыя “Расатам” ужо прапрацавала варыянты далейшага пашырэння беларускай ядзернай энергетычнай сферы, маюцца варыянты фінансавання.
Пуцін у адказ сказаў, што фінансаванне не з’яўляецца праблемай, пытанне пра яго “наогул не стаіць, калі маецца спажывец, які будзе браць электраэнергію і плаціць патрэбны тарыф”.
25 верасня падчас выступу на “Глабальным атамным форуме” ў Маскве Лукашэнка сказаў, што другая АЭС — у выпадку станоўчага рашэння пра яе збудаванне — будзе будавацца разам з расіянамі. Паводле яго слоў, беларускія адмыслоўцы “на просьбу “Расатама” дзе-нідзе ў асобных дзяржавах” удзельнічаюць у будаўніцтве “падобных станцый”.
Лукашэнка таксама звярнуўся да кіраўніка “Расатама” Аляксея Ліхачова з просьбай “не сыходзіць з Беларусі”: “Думаю, я змагу пераканаць прэзідэнта Расіі ў тым, што ў Беларусі трэба працягваць працаваць. І не толькі ў плане рэалізацыі нашых з вамі задумак з часоў Сяргея Кірыенкі (намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна, у 2005–2016 гадах узначальваў “Расатам”. — “Позірк“.). Нам трэба працягваць працаваць па шматлікіх кірунках”.
Збудаванне першай станцыі — Беларускай АЭС ля Астраўца (Гродзенская вобласць) — завяршылася ўвосені 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекта, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы блок сілкуе энергасістэму з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га, у прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.
З лістапада 2020 года Беларуская атамная электрастанцыя згенеравала 50 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі, паведамляла прэс-служба Міністэрства энергетыкі 3 верасня.
Беларускія ўлады і прапаганда ад моманту ўзнікнення ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі і ў наступныя гады запэўнівалі, што ўзвядзенне АЭС выгаднае для жыхароў. Аднак сярэдняя цана на электраэнергію (у разліку за 100 кВт·г) у Беларусі ў першым квартале 2025 года склала 27,34 рубля — на 8,9% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (25,11), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Цягам апошніх гадоў Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасць будаўніцтва другой атамнай станцыі. Ён даручаў чыноўнікам ацаніць мэтазгоднасць павелічэння колькасці энергаблокаў БелАЭС або збудавання яшчэ аднаго ядзернага энергетычнага аб’екта, папярэдні раз — 2 верасня (“Мы яе абавязкова пабудуем”).
Пра тое, што Мінэнерга рыхтуецца прадставіць ураду “абгрунтаваныя варыянты павелічэння атамнай генерацыі”, кіраўнік ведамства Дзяніс Мароз паведаміў 16 верасня.
За два дні да гэтага міністр заявіў, што Мінэнерга знаходзіцца “ў стадыі дэталёвага абмеркавання тэхніка-эканамічнага абгрунтавання збудавання новай АЭС або трэцяга энергаблока на дзейнай”.
26 красавіка, у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў каментарыі “Позірку” заявіла, што нельга дапусціць, каб рэжым Аляксандра Лукашэнкі будаваў у Беларусі другую атамную станцыю, пераследуючы ўласныя палітычныя мэты.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі перавысіла 3 млрд долараў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваBySol выключаны з Міжнароднага гуманітарнага фонду, але можа падаваць у яго заяўкі як гасцявая арганізацыяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года палітвязнямі было прызнана больш за 4 тыс. чалавек — ШыянокМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаУ жніўні колькасць занятых у эканоміцы Беларусі вырасла на 8,2 тыс. чалавек (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- АнонсыАнонсы падзей на 26 верасня — 15 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка