Мінск 13:57

За аперацыі з крыптавалютай у абыход закона ў Грузіі затрыманыя двое грамадзян Беларусі і грамадзянін Азербайджана

Ілюстрацыйнае фота: Andre Francois Mckenzie / unsplash.com

27 верасня, Позірк. Двое грамадзян Беларусі (А. П. і А. В.), а таксама грамадзянін Азербайджана (Ф. Г.) затрыманыя ў Грузіі за ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў складзе групы, паведамляе Следчая служба грузінскага Міністэрства фінансаў.

Адзначаецца, што аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні ў дачыненні да замежнікаў супрацоўнікі згаданай службы правялі “ў каардынацыі з акруговымі пракуратурамі Картлі і Мцхета-Мтыянэці”.

“У ходзе расследавання высветлена, што абвінавачаныя, пераследуючы мэту незаконнага атрымання матэрыяльнай выгады, з Тбілісі і Батумі ажыццяўлялі аперацыі з рознымі лічбавымі віртуальнымі актывамі (крыптавалютамі. — “Позірк”.), не маючы абавязковай рэгістрацыі Нацыянальнага банка Грузіі, — гаворыцца ў паведамленні. — У выніку яны атрымлівалі значны даход у выглядзе камісійных ад канвертаваных актываў”.

Паводле інфармацыі ведамства, падчас следчых дзеянняў канфіскаваныя наяўныя сродкі — каля 247 тыс. долараў, 1,7 тыс. еўра, больш за 103 тыс. лары ды інш.

Распачатая справа паводле ч. 2 арт. 192 КК Грузіі (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Санкцыя — ад 3 да 5 гадоў пазбаўлення волі.

“Праводзяцца меры па вызначэнні іншых удзельнікаў злачыннай дзейнасці, а таксама па выяўленні выпадкаў ухілення ад выплаты падаткаў і магчымай легалізацыі незаконных даходаў”, — паведаміла Следчая служба Мінфіна Грузіі.

Падзяліцца: