Мінск 11:23

Паміж Беларуссю і Кіпрам “трывалая супраца” ў эканамічнай сферы, сцвярджае Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: Aboodi Vesakaran / unsplash.com

1 кастрычніка, Позірк. Беларусь “заўсёды радая вітаць” кіпрыётаў, якія “могуць наведаць краіну без візы, у камфортных і бяспечных умовах”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 1 кастрычніка народ Рэспублікі Кіпр з Днём незалежнасці.

Беларусы і кіпрыёты, паводле яго сцвярджэння, “заўсёды шанавалі і падтрымлівалі прынцыпы раўнапраўя, даверу і павагі”, а “ўменне слухаць і здольнасць разумець адзін аднаго” сёння “набываюць асаблівую значнасць”.

“Нягледзячы на ​​няпростыя часы, паміж дзяржавамі існуе трывалая супраца ў гандлёва-эканамічнай, адукацыйнай сферах, у галіне спорту”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка традыцыйна не звяртаецца да ўладаў краін, якія лічыць варожымі ў дачыненні да яго. Кіпр — член Еўрапейскага саюза, які працягвае ўзмацняць санкцыі супраць рэжыму ў Мінску, пры гэтым краіна паслядоўна выступае з крытыкай дзеянняў беларускіх уладаў, напрыклад, у Савеце ААН па правах чалавека. З 2022 года Лукашэнка звяртаецца да “народа Рэспублікі Кіпр”, да гэтага адрасаваў віншаванні прэзідэнту краіны.

Паводле даных амбасады Беларусі ў Балгарыі, якая курыруе кіпрскі накірунак, па выніках 2021 года тавараабарот з Рэспублікай Кіпр склаў 1,15 млн долараў ЗША (70,8% да ўзроўню 2020 года), у тым ліку экспарт — 0,6 млн (76%), імпарт — 0,55 млн (65,8%).

У той жа час на Кіпры зарэгістравана мноства кампаній, якія вядуць бізнес у Беларусі, у тым ліку Dana Holdings, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЕС (атрымала рэгістрацыю Мінгарвыканкама 23 кастрычніка 2007 года, на Кіпры — 20 лютага 2013 года).

Увосень 2020 года выданне EU Observer апублікавала расследаванне пра маёмасныя сувязі Dana Holdings з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і яго жонкай Ліліяй Лукашэнка праз кіпрскія афшорныя кампаніі.

На сайце беларускай амбасады ў Балгарыі адзначана, што на пачатак 2022 года ў Беларусі было “больш за 500 юрыдычных асоб, створаных з удзелам юрыдычных і фізічных асоб Кіпра”.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 10 красавіка 2024 года перад членамі пастаяннага камітэта па замежных і еўрапейскіх справах парламента Кіпра заявіла, што “больш за 500 беларускіх кампаній маюць кіпрскі капітал, многія з іх звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, падтрымліваюць вайну і рэпрэсіі”.

Паводле слоў палітыка, “на працягу многіх гадоў беларускі рэжым выкарыстоўваў Кіпр для абыходу санкцый”. Дэмсілы, сказала яна тады, разлічваюць на дапамогу кіпрскіх парламентарыяў для выяўлення звязаных з Лукашэнкам кампаній і “прымянення да іх санкцый”.

Падзяліцца: