Мінск 11:23

Прэзідэнт Нігерыі зноў запрошаны ў Беларусь

1 кастрычніка, Позірк. Прэзідэнту Нігерыі Болу Цінубу прапанавана наведаць Беларусь “у любы зручны час”. Аляксандр Лукашэнка запрасіў кіраўніка гэтай дзяржавы ў Заходняй Афрыцы, віншуючы 1 кастрычніка яго і “дружалюбны народ” краіны з 65-годдзем незалежнасці.

Віншавальнік, пасланне якога апублікавала яго прэс-служба, адзначыў, што паспяховае ажыццяўленне сумеснага праекта па механізацыі аграрнага сектара Нігерыі “адкрывае магчымасці для актыўнай супрацы ў многіх сферах”. Ён запэўніў, што Мінск гатовы “нарошчваць аб’ёмы паставак тэхнікі, харчавання і іншай неабходнай прадукцыі, а таксама садзейнічаць вырашэнню надзённых задач сацыяльна-эканамічнага развіцця для падвышэння дабрабыту людзей”.

24 чэрвеня 2025 года паведамлялася, што падчас візіту ў Нігерыю беларускай урадавай дэлегацыі на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Віктарам Каранкевічам, афрыканскай краіне былі перададзеныя “тысячы адзінак беларускай тэхнікі”.

Адзначалася, што ў цырымоніі ўзяў удзел прэзідэнт Нігерыі Бола Цінубу, якому было перададзенае запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі наведаць Беларусь.

5 лютага нігерыйскі лідар, віншуючы Лукашэнку з падаўжэннем паўнамоцтваў, заявіў, што электаральная кампанія, якая прайшла ў Беларусі, “адлюстравала той давер і ўпэўненасць”, з якімі беларусы ставяцца да бачання Лукашэнкі “далейшага прагрэсу і стабільнасці” краіны.

Беларусь і Нігерыя ўсталявалі дыпламатычныя стасункі 3 жніўня 1992 года. Беларуская амбасада ў Абуджы адкрылася ў снежні 2011-га. З 2018 па 2021 год двухбаковы тавараабарот, паводле даных беларускага боку, стабільна падаў. Калі ў 2018 годзе ўзаемны гандаль быў на ўзроўні 38,8 млн долараў (беларускі экспарт — 31 млн, нігерыйскія пастаўкі — 7,8 млн), то ў 2019-м — 11,8 млн (9,5 млн; 2,3 млн), 2020-м — 8,4 млн (6,3 млн; 2,1 млн), 2021-м — 7,8 млн (5,6 млн; 2,2 млн). Даныя за наступныя гады ў адкрытым доступе адсутнічаюць.

Падзяліцца: