Мінск 16:22

У верасні агнём на аб’ектах АПК знішчана больш за 800 тон саломы

2 кастрычніка, Позірк. На аб’ектах аграпрамысловага комплексу ў верасні здарылася мінімум 18 пажараў, сведчыць праведзены “Позіркам аналіз зводак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

22 верасня ў выніку загарання пагрузчыка ў вёсцы Гоза Астравецкага раёна (Гродзенская вобласць) агнём была знішчана кабіна і пашкоджаны яго маторны адсек.

У гэты ж дзень адбыўся пажар у блокавым будынку кароўніка на тэрыторыі фермерскай гаспадаркі ў аграгарадку Лашаны Мінскага раёна, 28 верасня — у металічным сенасховішчы на тэрыторыі малочна-таварнага комплексу ў Горках (Магілёўская вобласць), 29 верасня — у аднапавярховым цагляным будынку аператарскай зернесушыльнага комплексу ў аграгарадку Гарбацэвічы Бабруйскага раёна (Магілёўская вобласць). Аб нанесенай шкодзе пры гэтых здарэннях не паведамлялася.

На пажары ў зернесушыльным комплексе ў вёсцы Лотва Мядзельскага раёна (Мінская вобласць) 29 верасня пашкоджана 4 кв. м пакрыцця сушыльнага бункера.

11 верасня агнём на адкрытай пляцоўцы на тэрыторыі малочна-таварнай фермы каля вёскі Сычы Нясвіжскага раёна (Мінская вобласць) знішчана 800 тон саломы.

У гэтым жа раёне 19 верасня згарэлі ў полі ля аграгарадка Сноў 2 т саломы, 22 верасня каля вёскі Макееўцы Шчучынскага раёна (Гродзенская вобласць) — 5 т; 14 верасня ў полі ля аграгарадка Крупец Добрушскага раёна (Гомельская вобласць) — 18 т сена ў рулонах.

Яшчэ адно здарэнне на аб’екце АПК зафіксавана 13 верасня — у зернесушыльным комплексе ў аграгарадку Стаі Лепельскага раёна (Віцебская вобласць) агнём было пашкоджана 0,01 т зернесумесі ячменю, пшаніцы і аўса.

Раней паведамлялася, што за першы тыдзень восені адбылося восем пажараў, на якіх быў знішчаны збожжаўборачны камбайн, 274 т саломы і 15 т сена, пашкоджана 1 т аўса.

За восем месяцаў 2025 года на аб’ектах АПК знішчана або пацярпела 42 адзінкі тэхнікі (у 2024-м — мінімум 73). Такім чынам, з пачатку года знішчана і пашкоджана 44 машыны.

За пяць гадоў у Беларусі істотна зменшылася колькасць асноўных відаў тэхнікі, машын і абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, сведчыць праведзены “Позіркам аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Стала менш камбайнаў: збожжаўборачных — на 14,6% (з 8.798 на канец 2019 года да 7.514 на канец 2024-га), бульбаўборачных — на 32,9% (з 778 да 522), буракаўборачных — на 27,5% (з 298 да 216), кормаўборачных — на 11,6% (з 4.138 да 3.660), ільноўборачных — на 30,1% (з 428 да 299).

Колькасць трактароў у гаспадарках зменшылася на 9,6% (з 38.966 да 35.241), грузавых аўтамабіляў — на 14,8% (з 17.873 да 15.228).

Даільных установак і агрэгатаў стала менш на 15,4% (з 10.758 да 9.096), бульбакапальнікаў — на 35,3% (з 1.254 да 811), бульбасажалак — на 28% (з 1.198 да 862), зернеачышчальных машын — на 12,7% (з 6.939 да 6.059), зернеачышчальна-сушыльных комплексаў — на 19,6% (з 2.559 да 2.057).

Падзяліцца: