Мінск 10:49

З імем Пуціна звязаны “рост аўтарытэту” Расіі ў свеце, лічыць Лукашэнка

Лукашэнка і Пуцін на палях саміта ШАС у Астане (3 ліпеня 2024 года)
Фота: тэлеграм-канал "Пул першага"

7 кастрычніка, Позірк. Упэўненасць у тым, што “закладзеныя сумеснымі дзеяннямі асновы стасункаў саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Расіяй паслужаць надзейным арыенцірам для будучых пакаленняў грамадзян дзвюх дзяржаў” выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 7 кастрычніка расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна з 73-годдзем.

У пасланні, апублікаваным прэс-службай віншавальніка, сцвярджаецца, што “расійскі народ трывала звязвае” з імем Пуціна “значныя сацыяльныя дасягненні, дынамічнае эканамічнае развіццё, умацаванне дзяржаўнасці і суверэнітэту Айчыны, рост аўтарытэту і ўзмацненне ролі Расіі ў свеце”.

Расійскаму лідару, які вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны і пагражае свету ядзернай зброяй, уласцівыя, як лічыць Лукашэнка, “прынцыповасць і мэтанакіраванасць, вернасць абавязку і палітычная мудрасць, выключная адданасць Радзіме і цвёрдая воля ў адстойванні яе нацыянальных інтарэсаў”. Гэтыя якасці, на думку беларускага палітыка, здабылі для Пуціна “ўсенароднае прызнанне ў грамадстве і павагу замежных калег”.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а потым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Расійская агрэсія, якую падтрымлівае Лукашэнка, ужо прывяла, паводле розных ацэнак, да сотняў тысяч ахвяраў з абодвух бакоў. Еўрасаюз, ЗША і іншыя краіны ўвялі супраць РФ і Беларусі эканамічныя санкцыі.

Апошні раз Пуцін і Лукашэнка сустракаліся ў Маскве 25 верасьня. Як заявіў пазней кіраўнік адміністрацыі апошняга Дзмітрый Круты, у ліку іншага беларускі палітык скардзіўся Пуціну на “нядобрасумленную канкурэнцыю на рынку прамысловых тавараў і машынабудаўнічай прадукцыі”.

Падзяліцца: