Мінск 01:48

Чатыры супрацоўнікі “Беларуськалія” шпіталізаваныя з хімічнымі апёкамі, на прадпрыемства накіраваныя брыгады хуткай дапамогі (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: profmedia.by

31 кастрычніка, Позірк. Пра “інцыдэнт” на салiгорскім прадпрыемстве “Беларуськалій” (Мінская вобласць) паведаміла 31 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя.

На прадпрыемства накіравана медыцынская брыгада — камбустіёлаг, траўматолаг і рэаніматолаг для аказання дапамогі пацярпелым, таксама туды выехалі чатыры брыгады хуткай медыцынскай дапамогі.

“Пацярпелі чатыры работнікі прадпрыемства: усе яны з хімічнымі апёкамі, камбінаванымі траўмамі знаходзяцца ў Салігорскай ЦРБ”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што “органамі дзяржсаннагляду праводзіцца маніторынг атмасфернага паветра на вытворчай пляцоўцы”.

Паводле паведамлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, адбыўся разрыў пустой ёмістасці з-пад салянай кіслаты на адкрытай пляцоўцы цэха мембраннага электролізу. На месцы здарэння працуе восем адзінак тэхнікі МНС.

3 лістапада 2023 года на 2-м рудаўпраўленні прадпрыемства пацярпелі пяць работнікаў рамонтнай брыгады электраслесараў. У здарэнні абвінавачаны 44-гадовы дзяжурны майстар “Беларуськалія”.

30 траўня 2021 года на рудніку “Беларуськалія” загінуў рабочы, паведамляў афіцыйны тэлеграм-канал прадпрыемства.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 красавіка дырэктар дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Семіч, у 2024 годзе траўмы на вытворчасці атрымалі 1.849 чалавек — на аднаго менш, чым у 2023-м (1.850). Колькасць загінулых скарацілася за год на 10,3% (са 117 да 105).

Летась 17 пацярпелых былі маладзейшыя за 18 гадоў, двое з іх загінулі.

74% сярод усіх пацярпелых — мужчыны, сярод загінулых іх 96,2%. Такая прапорцыя “назіраецца ўжо не першы год”. Гэта, на думку Семіча, сведчыць пра тое, што на працы “жанчыны больш спакойныя і дысцыплінаваныя”. “Партрэт загінулага — мужчына 44–45 гадоў”, — адзначыў прадстаўнік Мінпрацы.

У пяцёрку самых траўманебяспечных прафесій уваходзяць кіроўца аўтамабіля, слесар, падсобны рабочы, трактарыст, жывёлавод.

Падзяліцца: