Мінск 16:31

Супраца з Беларуссю дапамагае анексаванаму Расіяй Крыму прасоўваць свае тавары

Крымскі мост
Ілюстрацыйнае фота: Росавтодор / Wikimedia Commons

8 лістапада, Позірк. Супраца з Беларуссю дапамагае Крыму прасоўваць свае тавары, вынікае з відэакаментарыю “намесніка старшыні ўрада” гэтай анексаванай Расіяй рэспублікі ў складзе Украіны — пастаяннага прадстаўніка рэгіёну пры прэзідэнце РФ Георгія Мурадава прапагандысцкаму медыя “РИА Новости”.

Размова адбылася 7 лістапада на палях Ялцінскага міжнароднага форума.

“Мы цяпер маем сур’ёзны рух па шляху прамысловай кааперацыі [з Беларуссю], — сказаў Мурадаў. — Вы ведаеце выдатна, што крымскія тавары, чыста крымскія, далёка не паўсюль ўспрымаюцца і прымаюцца. А разам з беларускімі партнёрамі, калі мы вырабляем сумесны прадукт, гэта ўжо прадукт Саюзнай дзяржавы, гэта ўспрымаецца ў нашых найбліжэйшых краінах — партнёрах Еўразійскага эканамічнага саюза”.

Паводле слоў расійскага чыноўніка, Крыму трэба “выбудоўваць нармальныя фінансавыя стасункі, разлікі з гэтымі краінамі”, а таксама з дзяржавамі Афрыкі.

“Гэтыя праекты [кааперацыі з Беларуссю], вядома, знаходзяцца на парадку дня, — заявіў ён. — Я не буду пералічваць канкрэтыку, дзе мы будзем будаваць лінныя дарогі, дзе мы будзем разводзіць сумесныя санаторыі, дамы адпачынку, гасцініцы, прадпрыемствы. Такія праекты ў працы маюцца. Яны, безумоўна, будуць развівацца, яны садзейнічаюць развіццю турызму ў цэлым. А турызм — гэта вельмі важны кірунак працы. Чым больш грамадзян прыязджае, асабліва з блізкіх нам іншых дзяржаў, тым лепш яны разумеюць сутнасць таго, што адбываецца”.

На брыфінгу ў прэс-цэнтры расійскага прапагандысцкага рэсурсу “Спутник” у Мінску 24 верасня 2025 года Мурадаў адзначыў, што ва ўзаемаадносінах з Беларуссю назіраюцца “вельмі вялікія пазітыўныя зрухі за апошнія тры гады <…> у эканамічнай сферы”. Паводле яго слоў, на беларускі напрамак прыпадае “ўжо больш за палову” ўсяго знешняга гандлю Крыму.

“Цяпер мы вядзём размову і пра прамысловую кааперацыю, каб ствараць тавары для замежных рынкаў і для ўнутранага рынку Саюзнай дзяржавы, такім чынам ствараючы адзіны прадукт. Пра гэта мы цяпер вядзём размову з беларускімі партнёрамі, — адзначыў спікер. — У нас інтарэсы шырокія, яны тычацца не толькі прамысловасці, але і сельскай гаспадаркі, і транспарту, і тых напрамкаў, што звязаныя з узаемным гандлем спажывецкімі таварамі”.

Мурадаў сцвярджае, што ў Беларусі “ўсё больш папулярным” становіцца крымскае віно і эфірныя алеі. У сваю чаргу ў Крыме запатрабаваная беларуская сельскагаспадарчая і транспартная тэхніка.

Прадстаўнік падпарадкаванай РФ адміністрацыі падкрэсліў, што для Беларусі крымскія парты “заўсёды адкрытыя”: “Мы пазіцыянуем нашыя парты, як паўднёвыя марскія вароты ўсёй Саюзнай дзяржавы”.

Расія анексавала ўкраінскія тэрыторыі — Аўтаномную Рэспубліку Крым і горад Севастопаль — у 2014 годзе.

30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю прапагандысцкаму агенцтву “Россия сегодня” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — “гэта расійскі Крым”, а пасля рэферэндуму 2014 года “і дэ-юрэ Крым стаў расійскім”. Паводле яго сцвярджэння, украінскія вайскоўцы без бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль НАТО.

24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

У ходзе поўнамаштабнай агрэсіі расійскія ўлады анекавалі частку ўсходніх тэрыторый Украіны, правялі там “рэферэндумы” і змянілі Канстытуцыю РФ, назваўшы ў ёй так званыя “данецкую і луганскую народныя рэспублікі”, а таксама “Запароскую і Херсонскую вобласці” суб’ектамі ў складзе сваёй федэрацыі.

Прадстаўнікі акупацыйных уладаў гэтых тэрыторый перыядычна прыязджаюць у Беларусь, з імі сустракаецца Лукашэнка.

Падзяліцца: