Мінск 23:25

Менталітэт і сэрцы беларусаў за пяць гадоў не змяніліся — Ціханоўская ў Лондане

Святлана Ціханоўская ў Лондане 13 лістапада 2025 года
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

13 лістапада, Позірк. За пяць гадоў, якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, “менталітэт і сэрцы беларусаў не змяніліся“, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на панэльнай дыскусіі “Барацьба за свабоду ва Усходняй Еўропе“, якая прайшла 13 лістапада ў будынку брытанскага парламента.

Паводле яе слоў, беларусы “не хочуць браць удзел у войнах і імперскіх планах Расіі“, лічаць Еўропу адзінай альтэрнатывай так званаму “рускаму свету”.

“У 2020 годзе мы выйгралі выбары і выйгралі б іх зноў, калі б гэта былі сапраўдныя выбары, а не інсцэнаваны фарс“, — сказала дэмлідар.

Як заявіла Ціханоўская, Аляксандр Лукашэнка прадае суверэнітэт краіны “ў абмен на фінансавую, палітычную і ваенную падтрымку Расіі“, у той час як яе прэзідэнт Уладзімір Пуцін “не лічыць Беларусь і Украіну незалежнымі краінамі”. “Яго мэта — падпарадкаваць нас і знішчыць нашу нацыянальную ідэнтычнасць”, — перакананая палітык.

“Ва Украіне ён выкарыстоўвае ракеты і бомбы, у Беларусі — паліцэйскі тэрор, сачэнне, прапаганду і русіфікацыю“, — дадала яна.

Дэмлідар падзякавала Літве за падачу заяў супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН і яе далучэнне да міжнароднага гуманітарнага фонду, заклікаўшы Вялікабрытанію таксама далучыцца да гэтых ініцыятыў.

Падзяліцца: