Мінск 14:22

У Беларусі ўдакладняць парадак абарачэння ў даход дзяржавы маёмасці ліквідаваных партый

14 лістапада, Позірк. Савет міністраў 13 лістапада ўнёс у Палату прадстаўнікоў праект закона “Аб змяненні законаў”, які скіраваны на тое, каб прывесці 53 заканадаўчыя акты ў адпаведнасць з Кодэксам грамадзянскага судаводства і Грамадзянскім кодэксам.

З паведамлення прэс-службы ніжняй палаты парламента вынікае, што законапраект сярод іншага ўдасканальвае “парадак рэарганізацыі і ліквідацыі гаспадарчых таварыстваў”, замацоўвае “магчымасць для таварыстваў з абмежаванай адказнасцю дзейнічаць на падставе тыпавога статута”.

Акрамя таго, праект закона ўдакладняе “парадак стварэння палітычных партый, ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, а таксама абарачэння ў даход дзяржавы маёмасці, што засталася пасля іх ліквідацыі”.

Напрыканцы 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які пастрожыў патрабаванні да палітычных сіл і абавязаў усе існыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.

У выніку ўлетку і ўвосені 2023 года было скасавана 12 палітычных сіл — Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Беларуская аграрная партыя (самаліквідавалася).

У краіне засталося чатыры праўладныя партыі — “Белая Русь”, Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП), Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС).

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка раней звяртаў увагу на тое, што ў працэсе перафарматавання партыйнага поля Беларусі рэжым Лукашэнкі фактычна скапіяваў структуру ніжняй палаты расійскага парламента. “Белую Русь” ён параўнаў з “Адзінай Расіяй”, а КПБ, ЛДП і РППС — з Камуністычнай партыяй Расійскай Федэрацыі, Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Расіі і партыяй “Справядлівая Расія — Патрыёты — За праўду” адпаведна.

27 кастрычніка на электронным аўкцыёне “БелЮрЗабеспячэнне” з’явіўся лот з трохпакаёвай кватэрай плошчай 71,3 кв. м, размешчанай у шматпавярховым доме ў Наваполацку (Віцебская вобласць). У кватэры зарэгістраваныя тры чалавекі, “даўжніком” пазначаны Вільскі Яўген Сяргеевіч — асабістыя звесткі цалкам супадаюць з данымі выканаўцы абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” (не зарэгістраваная).

Падзяліцца: