Мінск 20:13

Лукашэнка чакае прыходу да ўлады ў суседніх краінах “іншых людзей” — якія “будуць бачыць” інтарэсы Мінска і Масквы

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

17 лістапада, Позірк. У Беларусі ніколі дрэнна не ставіліся да жыхароў сумежных краін, але сёння дзяржавы-суседзі “кіруюцца звонку”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці РФ Юрыем Слюсарам.

“Літоўцы вішчаць, верашчаць цяпер: адкрыйце мяжу. Мы яе не закрывалі. І мы ніколі дрэнна ні да палякаў, ні да літоўцаў, ні да латышоў не ставіліся. Гэта нашы суседзі, куды дзявацца?” — цытуе прамоўцу яго прэс-служба.

Ён таксама паразважаў на тэму змены ўлады ў суседніх краінах. “Жыццё прымусіць. Прыйдуць да ўлады іншыя людзі, якія будуць бачыць інтарэсы ў Беларусі і Расіі, як гэта было раней. Навошта было губляць гэтыя рынкі, губляць такія добрыя адносіны?” — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, Беларусі і Расіі “ў цяперашніх няпростых умовах” важна захаваць і развіваць адносіны.

“Ціск звонку каласальны. Не называю адрасы, паролі, яўкі. Вы гэта добра ведаеце. Таму нам трэба ўтрымаць сваё. Беларусь і Расія былі разам і будуць. Ніхто не зможа разарваць наша адзінства, як бы камусьці ні хацелася. Гэтага не дазволяць людзі, народы. Гэта трэба вытрымаць, гэта трэба ўтрымаць. Гэта галоўнае”, — дадаў Лукашэнка.

Эканоміка, паводле яго слоў, адыгрывае найважнейшую ролю для аб’яднання дзвюх дзяржаў.

“А не хадзіць тут з “Рассупрацоўніцтвам” і агітаваць за Расію. Не трэба. Беларусаў за Расію агітаваць не трэба. Трэба эканамічна звязваць нашы дзяржавы і народы”, — удакладніў палітык.

У якасці прыкладу эфектыўных рашэнняў, якія садзейнічаюць развіццю супрацоўніцтва, ён прывёў павелічэнне колькасці рэйсаў цягнікоў “Ластаўка” паміж Масквой і Мінскам.

“Гэтыя звар’яцелыя зачынілі мяжу на захад. Ну, добра. Нашы ездзілі ў Піцер, у Маскву. У Казань паехалі людзі з Мінска — да сябе дадому. Ніхто іх не стрымлівае. Самалёты, верталёты, цягнікі, аўтобусныя маршруты — яны вельмі ў нас запатрабаваныя. А ў расіян запатрабаваная Беларусь”, — заявіў Лукашэнка.

У канцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовым масавым прылётам з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідання цыгарэт. Рэагуючы на гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня па мінскім часе) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх. З тых часоў на тэрыторыі Беларусі застаецца больш за 1 тыс. літоўскіх фур.

Падзяліцца: