Мінск 15:15

За дзесяць месяцаў гадавы план па будаўніцтве жылля выкананы на 71,5%

Фота: domovita.by

19 лістапада, Позірк. У студзені — кастрычніку 2025 года арганізацыі ўсіх формаў уласнасці пабудавалі 33,7 тыс. новых кватэр — на 10,9% больш, чым за аналагічны перыяд 2024 года (30,4 тыс.), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У эксплуатацыю ўведзена 3 млн 218,1 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля (+8%; 2 млн 980,1 тыс.).

У 2025 годзе ў Беларусі павінна быць пабудавана 4,5 млн кв. м жылля, вынікае з задання ўрада — гэта значыць за дзесяць месяцаў выканана 71,5% плана.

Больш за ўсё жылля павінна быць узведзена ў Мінскай вобласці — 1 млн 325 тыс. кв. м (з улікам 18,9 тыс. кв. м, якія будуць пабудаваныя ў гарадах-спадарожніках). Далей: Мінск — 710 тыс. кв. м, Брэсцкая вобласць — 625,9 тыс., Гомельская — 565 тыс., Гродзенская — 456,1 тыс., Магілёўская — 418 тыс., Віцебская — 400 тыс.

За дзесяць месяцаў для маючых патрэбу ў паляпшэнні ўмоў пабудавана 1 млн 18,5 тыс. кв. м жылля (+2,6%; 992,5 тыс.), у тым ліку з дзяржпадтрымкай — 600,6 тыс. (-4,9%; 631,6 тыс.). У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 1 млн 210,4 тыс. кв. м жылля (+7,9%; 1 млн 122 тыс.).

Будаўніцтва арэнднага жылля ўваходзіць у пяцёрку галоўных прыярытэтаў урада на 2026–2030 гады, заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар 18 верасня ў каментарыі дзяржСМІ.

Асобныя напрамкі будучай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця “ўжо рэалізуюцца“, падкрэсліў кіраўнік Мінэканомікі. У прыватнасці, па арэндным жыллі “ўся заканадаўчая база ўжо ў гэтым годзе створана“: “Людзі ведаюць на якіх падставах, на якіх правілах можна будзе [яго] выкупляць. Адпаведны ўказ прыняты. Указ прыняты і аб тым, на якіх умовах прадпрыемствы будуць крэдытавацца для стварэння свайго арэнднага жыллёвага фонду“.

У 2024 годзе ў краіне павінна было быць пабудавана 4,4 млн кв. м жылля (цяпер запланавана павелічэнне на 2,3%). Паводле звестак Белстата, было ўведзена ў эксплуатацыю 4 млн 390 тыс. 544 кв. м (99,8% плана).

У 2023-м пры заданні ў 4,3 млн кв. м пабудавана 4 млн 195 тыс. 92 кв. м (97,6%), у 2022-м — 4,2 млн кв. м і 4 млн 222 тыс. 619 кв. м адпаведна (100,5%).

Падзяліцца: