Мінск 11:30

Беларусь гатовая “зрабіць свой унёсак” дзеля прагрэсу Амана, заяўляе Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка і султан Амана Хайсам бін Тарык аль Саід (Маскат, 15 снежня 2024 года)
Архіўнае фота: Oman News Agency

20 лістапада, Позірк. Беларусь “з вялікай павагай назірае за высокімі дасягненнямі Амана і гатовая зрабіць свой унёсак дзеля яго прагрэсу”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада, віншуючы султана Амана Хайсама бін Тарыка аль Саіда і народ яго краіны з Нацыянальным днём.

“Гэтае свята сімвалізуе мудрасць, згуртаванасць і стваральную сілу, якія рухаюць дзяржаву наперад, захоўваючы вернасць традыцыям”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка падкрэсліў, што сустрэчы з султанам Маскаце (снежань 2024 года) і Мінску (кастрычнік 2025-га) заклалі “надзейны падмурак для шматпланавага партнёрства — ад нарошчвання тавараабароту ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, харчовай бяспекі, фармацэўтыкі да стварэння сумесных вытворчасцей”. Пры гэтым, на яго думку, інвестыцыйная дзейнасць атрымала “якасны імпульс”, а ў сферах культуры, адукацыі і турызму “пашырылася ўзаемадзеянне”.

У рамках кастрычніцкага візіту султана Амана ў Мінск быў заключаны двухбаковы мемарандум аб супрацы па будаўніцтве ў Беларусі цэлюлозна-кардоннага камбіната. Мяркуецца, што агульны аб’ём інвестыцый па гэтым праекце складзе каля 1,4 млрд долараў, магутнасць прадпрыемства чакаецца на ўзроўні каля 800 тыс. т прадукцыі на год.

Па выніках яго перагавораў з Лукашэнкам таксама былі падпісаныя дарожная карта па развіццю двухбаковай супрацы паміж Беларуссю і Аманам, міжурадавыя пагадненні аб узаемным скасаванні віз і аб міжнародных аўтамабільных перавозках.

Паміж вярхоўнымі судамі дзвюх краін заключаны мемарандум аб узаемаразуменні, паміж РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя Аляксандрава і Нацыянальным анкалагічным цэнтрам Амана пры ўніверсітэце Султана Кабуса — мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне абмену навуковым, медыцынскім і даследчым досведам, паміж профільнымі міністэрствамі дзвюх дзяржаў — мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі, рыбалоўства і харчавання.

Лукашэнка знаходзіўся ў Амане з працоўным візітам у снежні 2024 года. На сустрэчы з султанам ён абмяркоўваў “стан і перспектывы развіцця стасункаў”.

Падзяліцца: