Мінск 21:49

Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення аб свабодным гандлі з Інданезіяй

24 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка ўхваліў “у якасці асновы для правядзення перамоў” праект пагаднення аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам (і яго дзяржавамі — членамі) і Інданезіяй.

Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 24 лістапада, паведамляе яго прэс-служба.

“Дакумент накіраваны на спрашчэнне ўзаемнага гандлю і развіццё супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і Інданезіяй як важным гандлёвым партнёрам у Паўднёва-Усходняй Азіі. Заключэнне гэтага пагаднення дасць магчымасць атрымаць дадатковую канкурэнтную перавагу для прадукцыі Беларусі як дзяржавы — члена ЕАЭС, стварыць умовы для пашырэння экспартных паставак, забяспечыць эканомію на выплаце мытных пошлін”, — гаворыцца ў паведамленні.

На правядзенне перамоў па праекце пагаднення і яго падпісанне ўпаўнаважаны ўрад.

Беларусь “мае ўсе магчымасці”, каб “уносіць значны ўклад” у забеспячэнне харчовай бяспекі Інданезіі, заявіў амбасадар Беларусі ў гэтай краіне Раман Раманоўскі ў інтэрв’ю дзяржгазеце “Рэспубліка” (апублікавана 19 верасня).

Беларусь таксама здольная забяспечыць дзяржаву ў Паўднёва-Усходняй Азіі калійнымі ўгнаеннямі, “якія выступаюць асновай для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур”, пастаўляць сельгастэхніку.

“Беларуска-інданезійскі тавараабарот з сярэдзіны 1990-х гадоў (1,8 мільёна долараў у 1995-м) да цяперашняга часу вырас у сотні разоў”, — сказаў дыпламат.

Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Інданезіі Прабава Субіянта 15 ліпеня ў адной са сваіх рэзідэнцый. Сустрэча не анансавалася. Пра яе змест таксама не паведамлялася, хоць, паводле версіі прэс-службы прымаючага боку, абмяркоўвалася “шырокае кола тэм”.

Двухбаковае ваеннае супрацоўніцтва абмеркавалі ў Мінску 28 ліпеня начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка і міністр абароны Інданезіі Шафры Шамсудзін.

5–7 жніўня краіну наведаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, абмяркоўваліся “пытанні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэння ў Інданезіі зборачных вытворчасцяў”.

Раней Джакарта выказвала зацікаўленасць у больш актыўным імпарце беларускіх калійных угнаенняў.

Па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% ў параўнанні з 2023-м (89,1 млн) і склаў 128,4 млн долараў (даныя МЗС Інданезіі). З іх 43,6 млн прыйшлося на экспарт Джакарты (13,4 млн; +225%).

Лукашэнка наведваў Інданэзію ў 2013 годзе.

Падзяліцца: