Мінск 16:40

Эксперты ААН асудзілі гвалтоўную дэпартацыю ў Літву вызваленых беларускіх палітвязняў

Савет ААН па правах чалавека
Ілюстрацыя: ohchr.org

9 снежня, Позірк. Група незалежных экспертаў ААН па правах чалавека 8 снежня выступіла з заявай, у якой асудзіла “нядаўнюю дэпартацыю ў Літву вызваленых з турмы беларускіх вязняў, у тым ліку апазіцыйных палітыкаў, работнікаў СМІ і прафсаюзных дзеячаў”.

Эксперты адзначылі, што “ў многіх з іх былі адабраныя беларускія дакументы, якія сведчаць асобу; некаторыя былі ўключаныя ў афіцыйны спіс асоб, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

“Высылка краінай уласных грамадзян і адвольнае адабранне іх дакументаў, якія пацвярджаюць асобу, парушаюць шэраг правоў чалавека, у тым ліку права на грамадзянства, свабоду перамяшчэння і права не зазнаваць адвольнае або незаконнае ўмяшанне ў прыватнае жыццё”, — гаворыцца ў заяве.

Аўтары дакумента нагадалі, што “ў адпаведнасці з пагадненнем, дасягнутым са Злучанымі Штатамі Амерыкі, 11 верасня 2025 года Беларусь вызваліла з турмы і даставіла да мяжы з Літвой 52 чалавекі, большасць з якіх з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі”. Адзін з іх, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч, “адмовіўся перасякаць мяжу і пасля знік”, а астатнія “былі змушаныя да выгнання”.

“Згодна з атрыманымі паведамленнямі, у 14 высланых беларусаў былі адабраныя дакументы, якія пацвярджаюць асобу, адзін з іх меў пратэрмінаваны пашпарт, а другі — несапраўдны пашпарт з вырванымі старонкамі”, — адзначана ў заяве.

“Гэта чарговы захад з боку беларускіх уладаў, які вядзе да рызыкі безграмадзянства”, — канстатавалі эксперты, нагадаўшы пра канстытуцыйныя і заканадаўчыя папраўкі 2022 і 2023 гадоў, якія дазваляюць пазбаўляць грамадзянства пасля завочнага асуджэння без справядлівага судовага разбіральніцтва за “экстрэмізм” або за нанясення “сур’ёзнай шкоды інтарэсам Беларусі”.

Аўтары дакумента таксама нагадалі пра ўказ, падпісаны ў верасні 2023 года, які “паклаў канец практыцы выдачы і падаўжэння дакументаў, якія пацвярджаюць асобу, у беларускіх консульскіх службах”.

Эксперты падкрэслілі, што ўсе гэтыя захады супярэчаць мэтам Канвенцыі 1954 года аб статусе апатрыдаў і Канвенцыі 1961 года аб скарачэнні безграмадзянства — дагавораў, якія Беларусь пагадзілася ратыфікаваць падчас універсальнага перыядычнага агляду ў 2020 годзе.

“Мы заклікаем улады неадкладна скасаваць усе заканадаўчыя, нарматыўныя і праваахоўныя захады, якія вядуць да рызыкі бязграмадзянства, і спыніць прыняцце падобных захадаў. У прыватнасці, неабходна тэрмінова ўнесці папраўкі ў нацыянальнае заканадаўства аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, якое супярэчыць міжнароднаму праву”.

Заяву падпісалі чатыры спецыяльныя дакладчыкі ААН — Нілс Муйжніекс (па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі), Ірэн Хан (па пытанні аб праве на свабоду меркаванняў і іх свабодным выразе), Джына Рамэра (па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый) і Бэн Сол (па абароне правоў чалавека).

Падзяліцца: