Мінск 18:26

Урад на паўгода забараніў свабодна вывозіць з Беларусі адкіды шкла

Ілюстрацыйнае фота: Paul Kapischka / unsplash.com

6 студзеня, Позірк. З Беларусі на шэсць месяцаў забаронена свабодна вывозіць адкіды шкла, вынікае з пастановы Савета міністраў № 822 ад 31 снежня 2025 года, апублікаванай 6 студзеня 2026-га на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з дакументам, каб вывезці гэты другасны рэсурс незалежна ад краіны яго паходжання ў дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама за межы ЕАЭС — у мэтах экспарту, рээкспарту, часовага вывазу, перапрацоўкі па-за мытнай тэрыторыяй, неабходна атрымаць аднаразовую ліцэнзію Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, узгодненую з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва.

Мінбудархітэктуры можа адмовіцца ўзгадняць ліцэнзію, спаслаўшыся на “неабходнасць задавальнення (забеспячэння) патрэбы арганізацый на ўнутраным рынку Рэспублікі Беларусь у таварах, заяўленых да вывазу”. У гэтым выпадку МАРГ дазвол не выдасць.

Гэтыя патрабаванні не распаўсюджваюцца на міжнародны транзіт адкідаў шкла, які пачынаецца і заканчваецца па-за межамі Беларусі.

Адкіды шкла шырока выкарыстоўваюцца ў прамысловасці (напрыклад, пры вытворчасці новай шклотары, шкловалакна, ізаляцыйных матэрыялаў, керамікі, пліткі), будаўніцтве (у якасці запаўняльніка ў бетоне, асфальце).

Незадаволенасць аб’ёмамі выманых у Беларусі другасных рэсурсаў выказаў Аляксандр Лукашэнка 20 траўня 2025 года ў Мінску на нарадзе па пытаннях абыходжання з адкідамі.

Сярод іншага ён заявіў, што трэба “комплексна прааналізаваць” працу ўрада і выканкамаў у гэтай сферы. “Чаму слаба здабываем другасныя матэрыяльныя рэсурсы і спараджаем імпарт? За 2024 год завезлі 22 тысячы тон макулатуры, па 2 тысячы тон адкідаў шкла і пластмас. Мільёны долараў!” — сказаў ён.

Летась у лютым міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк заяўляў, што ў Беларусі, “як і ў іншых развітых краінах”, адкідаў “утвараецца шмат”: “Больш за 50 мільёнаў тон ад вытворчасці і каля 4 мільёнаў тон цвёрдых камунальных адкідаў на год”.

Пры гэтым узровень выкарыстання камунальных адкідаў, паводле яго слоў, да таго моманту дасягнуў 38,4%; шэрагу адкідаў вытворчасці — палімераў, зношаных шын, макулатуры, шклабою — 90% і больш.

Падзяліцца: