Мінск 03:15

На новага беларускага амбасадара ў Маскве Лукашэнка ўсклаў адказнасць за прасоўванне беларускіх інтарэсаў у РФ і Саюзнай дзяржаве

22 студзеня, Позірк. Прызначаны надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Беларусі ў Расіі Юрый Селіверстаў нясе персанальную адказнасць за прасоўванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў Саюзнай дзяржаве і стасункаў з Расіяй, гаворыцца ва ўказе № 27, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам 22 студзеня.

Як паведамляе яго прэс-служба, Селіверстаў будзе па сумяшчальніцтве з’яўляцца паўнамоцным прадстаўніком Беларусі пры Эканамічным савеце СНД, спецыяльным прадстаўніком Беларусі па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, СНД і АДКБ.

У адпаведнасці з указам Селіверстаў надзелены паўнамоцтвамі намесніка прэм’ер-міністра па пытаннях дзейнасці Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы і адносін з Расіяй. Ён будзе прадстаўляць Беларусь у кантактах са службовымі асобамі і дзяржорганамі РФ, Саюзнай дзяржавы па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва, уносіць ва ўрад Беларусі, рэспубліканскія органы дзяржкіравання, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, іншыя органы і арганізацыі прапановы па пытаннях гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Расіяй.

Селіверставу даручана ажыццяўляць каардынацыю дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных Ураду, прадстаўнікоў Беларусі ў органах Саюзнай дзяржавы, даваць ім абавязковыя для выканання ўказанні і кантраляваць іх рэалізацыю.

Па тое, што Селівестраў прызначаны амбасадарам у РФ, стала вядома 22 студзеня. З 4 чэрвеня 2020 года ён займаў пасаду міністра фінансаў.

На дыпламатычнай пасадзе Селіверстаў змяніў Аляксандра Рагожніка, які 15 студзеня быў прызначаны старшынёй Віцебскага аблвыканкама.

Селіверстаў нарадзіўся ў 1978 годзе ў Мінску. У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у 2009-м — Акадэмію кіравання.

З 2002 года працаваў у Мінфіне на розных пасадах. У 2009-2012 гадах быў начальнікам Галоўнага ўпраўлення фінансаў вытворчай сферы, у 2012-2015-м — начальнікам галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі, у 2015-2018-м — намеснікам міністра, у 2018-2020-м — першым намеснікам міністра.

Падзяліцца: