Мінск 10:44

ЕАБР чакае далейшага падвышэння заробкаў у Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

2 лютага, Позірк. Далейшага падвышэння заробкаў у Беларусі на фоне прынятага рашэння з 1 студзеня 2026 года падвысіць на 8,8% базавую стаўку аплаты працы чакае Еўразійскі банк развіцця, вынікае з яго штотыднёвага макраэканамічнага агляду.

Аналітыкі банка адзначылі, што ў снежні 2025 года рэальныя заробкі павялічыліся на 6,1% у гадавым вылічэнні, захаваўшы тэмпы на ўзроўні лістапада. Пры гэтым у бюджэтным сектары “захоўваецца апераджальны тэмп росту” — 10,5% у снежні пасля 10% у лістападзе.

У цэлым за мінулы год, як паказана ў аглядзе, заробак у рэальным выражэнні ў Беларусі вырас на 9%, у тым ліку ў бюджэтных арганізацыях — на 11,3%.

Прагноз па росце рэальнага заробку на 2026 год банк не прадставіў. Раней ЕАБР прагназаваў, што інфляцыя па выніках гэтага года чакаецца “на ўзроўні 7%”.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені — лістападзе 2025 года выраслі на 9,9% да таго ж перыяду 2024-га, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Па выніках 2024 года гэтыя даходы павялічыліся на 9,7%, 2023-га — на 6,3%, 2022-га — на 3,6%.

Падзяліцца: